Маша-грыбніца
Среда, 25.10.2017 09:02. Рубрика: БУСЯ, Калонка галоўнага рэдактара
Было гэта восенню.
Маша і дзед вярталіся з лесу.
Маша вясёлая. Першы раз у жыцці збірала грыбы. Дзед даверыў ёй ножык, і яна сама зразала сыраежкі, падбярозавікі, клала іх у
вядро.
Дзед задаволены – займеў сабе добрую памочніцу. Нясе дамоў поўнае вядро грыбоў. Нават ягад назбіралі.
Раптам Маша папрасіла:
– Дзядуля, паднясі мяне, ножкі забалелі.
– Ой, мая грыбніца, – паспачуваў дзед.
Ён падхапіў унучку, пасадзіў сабе на плечы.
У адной яго руцэ вядро з грыбамі, у другой – пакет з ягадамі.
Ідуць. Мінаюць верасовую палянку. Увайшлі ў хвойнік, за якім іхні дом. Маша адчувае, што дзеду цяжка несці і грыбы, і ягады, і яе самую, спагадліва прапануе:
– Дзядуля, падай мне пакет з ягадамі. Я панясу яго…
Дзед узрадаваўся. Палягчэла адной руцэ.
Уладзімір ЛІПСКІ