Мой лепшы сябар
Мой лепшы сябар
Дарагі сябар! Амаль цэлы год мы змяшчалі самыя яркія факты пра жыццё і працу першадрукара з кнігі Анатоля Клышкі “Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга”. Адданасць справе і тое натхненне, з якім Скарына працаваў, – прыклад, як трэба, забыўшыся на ўласнае гультайства і ляноту, ставіць мэты, сягаць іх, і, не гледзячы ні на што, рабіць любімую справу.
Вася ВЯСЁЛКІН
Францыск Скарына
Да 500-годдзя выхаду ў свет першай друкаванай кнігі на беларускай мове
Эпоха Адраджэння. Рэнесанс.
Францыск Скарына,
Позірк Ваш да нас
З партрэта скіраваны
Задуменна.
Шлях чалавека,
Ён такі імгненны,
Ваш позірк праз стагоддзі
не пагас!
Эпоха Адраджэння! Рэнесанс!
Валерыя ГРУМБЯНІН, 10 клас, ДУА “Свірскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа”
Незвычайная кніга пра Скарыну
Мне на дзень нараджэння тата падарыў незвычайную кнігу. Яна была прысвечана Францыску Скарыне, а напісаў яе Анатоль Клышка. Я прачытаў кнігу за некалькі вечароў і пасля расказваў у школе пра дзівоснае жыццё асветніка. Мой малодшы брат Жэня, які яшчэ не ўмее чытаць, таксама не адрываўся ад кнігі. Вядома! Бо там шмат прыгожых малюнкаў, узятых са старадрукаў Скарыны. Асабліва Жэню спадабалася ілюстрацыя да “Кнігі Святога прарока божыя Данііла”. Там намаляваны святы, а вакол яго смешныя малпы. Жэня нават перамаляваў гэтую выяву і аднёс у дзіцячы сад, дзе яна ўсім спадабалася. Цяпер выхавальніца раіць аддаць Жэню ў мастацкі гурток.
Мацвей ХАРЫТОНЕНКА, гімназія № 29 г. Мінска, 7 “А” клас