Таямніцы нашага садка. Гісторыя чацвёртая
Аповесць-казка
Гісторыя чацвёртая: пра крыўдлівых
Аднойчы да нас у садок прыйшоў новы хлопчык і сказаў:
– Я – Сева! Давайце гуляць у шахматы!
Ён быў вельмі маленькі ў вялікіх акулярах, а яго рудыя кучаравыя валасы нагадвалі крону дрэва, якое расло за нашым акном.
– Кучаравік-шахматыст! – пачалі мы дражніць яго.
Сева ад крыўды запыхкаў, як вожык. Гэта было так смешна, што ўсміхнулася нават выхавальніца Валянціна Аляксандраўна. З гэтага дня мы кожны дзень яго дражнілі, каб паглядзець, як смешна ён пыхкае.
Аднойчы, дурэючы, мы зламалі адну з галінак таго дрэва. Сева паставіў яе ў слоік з вадой. Шаптаў ласкавыя словы, мяняў ваду. Праз некалькі дзён глядзім, а замест галінкі – прыгожая палачка, з некалькімі жоўтымі і чырвонымі лісцікамі, якія нагадвалі карону.
– Што гэта? – пытаемся.
– Мне дрэва аддзячыла. Ператварыла галінку ў чароўную палачку. Цяпер любое маё жаданне спраўдзіцца!
– Няпраўда!
– Не верыце? Глядзіце! Хачу, каб усе вы сталі шахматнымі фігурамі!
Ррраз! І адбылося нечаканае: выхавальніца Валянціна Аляксандраўна ператварыліся ў слана, я – у ферзя, мае сябры Цішка і Мішка – ў каня і караля, нянечкі Анэля і Гэля – ў каралеву і ладдзю, астатнія дзеці сталі пешкамі.
– Сева! Даруй! Мы болей не будзем! – заплакалі мы.
Толькі Сева захацеў нас адчараваць, як раптам праз акно залятае касмічны карабель, з яго высоўваецца доўгая зялёная рука і выхоплівае палачку.
– Цяпер яна мая! – завішчаў нехта ў караблі.
– Ты хто? – усклікнуў Сева.
– Я – Маўрык з Меркурыя. Усе меркурыянцы сінія, а я – зялёны, ва ўсіх адно вока, а ў мяне – восем. Таму мяне дражнілі і жыцця не давалі. Цяпер з гэтай палачкай я стану ўсемагутным. Захаплю ваш горад, і ніхто крыўдзіць мяне не будзе!
– Пачакай!
– Няма часу! – і касмічны карабель вылецеў назад у акно.
Кінуўся Сева следам. Але дзе там! Раптам бачыць: хлопчык кругленькі ідзе, бутэрброд есць.
– Здароў, Я – Тодзік, куды бяжыш такі сумны?
– Я – Сева! Мяне ў садку ўсе крыўдзілі, я іх у шахматы палачкай чароўнай ператварыў, а Маўрык з Меркурыя яе выкраў і наш горад захапіць хоча!
– А мяне, калі крыўдзяць, то я так надзімаюся што лётаць, як паветраны шар магу. А часам так хутка магу імчаць, як ракета! Скажы мне: “Тодзік – круглы бутэрбродзік” – і пабачыш!
Толькі прамовіў Сева, як хлопчык надзьмуўся і стаў вялікім-вялікім.
– Заскоквай! – крычыць. – Маўрыка лавіць будзем!
Паляцелі! Ужо і карабель касмічны вось-вось дагоняць, але тут… пачаў здзімацца Тодзік, не хапіла яму запаса крыўды! Сталі яны падаць. Зачапіліся за нейкі помнік, а на ім дзяўчынка сядзіць, семкі лузае.
– Ты хто такая?
– Я – Галька. Калі мяне крыўдзяць, то пачынаю так пішчаць, што вушы ва ўсіх закручваюцца. Сяджу, нікому не замінаю, семкі ем, а тут вы такія, зараз, яяяяк пакрыўджуся!..
– Давай, Галька! Пішчы, што ёсць сілы!
– Ііііііііі! Віііііііііі! Піііііі! – пачала дзяўчынка.
Закруціліся вушы ў Маўрыка, выпаў ён з карабля. Проста на галоўную плошчу горада ўпаў. Ляжыць, адпачывае. Палачку ў яго адабралі, самога ў чырвонавухую чарапашку ператварылі і ў заалагічную краму здалі, каб ніякай бяды не чыніў.
Мэр горада ўзнагародзіў Севу, Тодзіка і Гальку медалямі “За выратаванне горада ад іншапланецяніна Маўрыка”.
Больш Севу мы ніколі не дражнілі.
Калі ў той жа вечар тата Севы пра ўсё даведаўся, то сказаў:
– Малайчына, сын! Я табе даўно казаў: проста так крыўдзіцца – толькі час марнаваць! Але калі твая крыўда можна выратаваць цэлы горад – іншая справа!
Міканор ХОМАЧКА