Верш Алеся Дудара
У музеі залатую бранзалетку
ўбачыў за празрыстым шклом –
яе, пад старажытным курганом,
пазелянеўшую знайшлі малыя дзеці.
Мастацкі дух ніколі не памрэ.
Не пахаваць яго пад курганамі,
не вычарпаць гадамі і вякамі.
Яму ў агні пякельным не згарэць.
Ён вырвецца разводдзем буйным рэк
і загарыцца зноў бліскучымі агнямі.
1925 г.
Алесь ДУДАР (24 снежня 1904 – 29 кастрычніка 1937) – беларускі паэт, крытык, празаік, перакладчык. Стаяў ля вытокаў стварэння першай беларускай літаратурнай арганізацыі “Маладняк”. Адзін з пачынальнікаў айчыннай прыгодніцкай літаратуры (сумесна з А. Александровічам і А. Вольным напісаў вострасюжэтны раман “Ваўчаняты” (1924 г)). Сярод яго кніг асабліва вылучаецца паэтычны зборнік “І залацісцей, і сталёвей…” (1926 г.). Ведаў пяць моваў. Быў першым перакладчыкам “Яўгена Анегіна”. Меў адну з самых вялікіх бібліятэк у Мінску.