Маша і дзед
Маша і дзед – верныя сябры. Дзеду падабаецца, што Маша давярае яму свае сакрэты. Расказвае смешныя гісторыі, якія здараюцца ў іхнім дзіцячым садзе. Спявае дзеду новыя песні, танцуе з ім.
А Машы падабаецца, што дзед умее слухаць яе. Купляе марожанае, водзіць у парк. Разам гуляюць яны з цацкамі.
Аднойчы мама даверыла дзеду сваю Машу на два дні. Якія гэта былі вясёлыя дні!
Маша і дзед рабілі папяровыя караблікі, гулялі ў марскіх піратаў. Арганізавалі краму цацак, і Маша была прадаўшчыцай. Прыдумалі казку, як хлопец Іванка шукаў сваю прынцэсу Святланку…
Калі мама з татам прыехалі забіраць Машу, дзед вельмі засмуціўся, што трэба развітацца. Ён сказаў унучцы:
– Маша, дазваляю табе ўзяць мае цацкі, якія хочаш.
Маша зірнула на заваднога коніка, на клоўна, які ўмее спяваць, на пеўніка-свістульку, на сабаку-скакунка, на бухматага Мішку, на Васю Вясёлкіна. І ціха сказала:
– Дзядуля, я хачу ўзяць з сабой… цябе.
Усім стала весела.
Уладзімір ЛІПСКІ