Юльчына дапамога
Арфаграфія і пунктуацыя аўтара захаваны.
Юлька, стоячы на ўслончыку, сумна пазірала праз акенца на вуліцу. Другі дзень яе не выпускалі гуляць – галалёдзіца.
-Бач, якія, — думала дзяўчынка пра тату з мамай. – Самі ж на працу ходзяць. І ім не коўзка. А мне тут сядзі з дзядулем дома.”
-Хачу на вуліцу! — захныкала Юлька. – Надакучылі мне ўжо лялькі і цацкі.
— Ну, і што ты на вуліцы будзеш рабіць? – стаў угаворваць чатырохгадовую ўнучку дзядуля. – Паглядзі, снегу ж зусім няма. У снежкі не пагуляеш, ды й на санках не пакатаешся – адзін лёд навокал, як шкло.
— Хачу на вуліцу! – не сціхала дзяўчынка, і з чорных яе вочкаў-гузікаў бобам пакаціліся слёзкі.
— Ну, ты толькі паглядзі, што там на двары робіцца! Коўзка ж як! І шагу не ступіш – упадзеш!
Але Юлька стаяла на сваім. Супакойваючы ўнучку, стары зірнуў у акно і зусім недалёка ад дому заўважыў скрыню з пяском, якім пасыпаюць сцежкі.
— Добра, калі ўжо так хочаш, збірайся! — чамусьці раптам згадзіўся дзед. – Пашукай толькі савочак і вядзерца.
— Навошта?- хуценька збіраючыся, шмыгнула носікам узрадаваная Юлька.- Зараз жа не лета! І што я буду з гэтым савочкам і вядзерцам рабіць?
— Думаю, работы хопіць,- загадкава запэўніў дзядуля.
Не паспела Юлька выйсці з дому, як яе боцікі чамусьці адразу ж самі па сабе пасунуліся ў розныя бакі, і дзяўчынка шлёпнулася. Каб не шубка, было б яшчэ больш балюча. Юльчыны вочкі адразу пачалі ўжо было плакаць. Але, баючыся, што на гэтым яе прагулка можа скончыцца, дзяўчынка ўсё ж стрымала падступіўшыя слёзкі і моцна ўхапілася за дзядулеву руку. А дзядуля, падтрымліваючы Юльку за каўнерык, падвёў дзяўчынку да ўбачанай з акна скрыні:
-Трымай вядзерца.
Савочкам дзядуля насыпаў пяску, які быў з маленькімі і вялікімі камякамі.
— Як жа тут спячэш пернікі?- не зразумела дзяўчынка.
— Пернікі будзеш пячы летам з сырога пяску, а гэты пясок асаблівы. Ён перамешаны з соллю, ад якой снег растае. Вось гэтым пяском і пасыпаюць сцежкі і дарожкі, каб не было коўзка,- растлумачыў дзядуля.
— А што ж мне з ім рабіць?- не зразумела Юлька.
— Сып усюды, дзе людзі ходзяць.
— І не будзе коўзка?
— Так.
— І тады тата з мамай не будуць мне забараняць гуляць на вуліцы?
— Безумоўна.
І пачала Юлька рассыпаць пясок па сцежках. Ды гэтак шпарка, што дзядуля ледзь паспяваў насыпаць вядзерца. Прахожыя, назіраючы за Юлькай, толькі здзіўляліся:
— Вось гэта дзяўчынка! Такая маленечкая, а дапамога ад яе вялікая!
А спацелы дзядуля толькі хітравата ўсміхаўся ў пасівелыя вусы.
Марыя Сцяфанава