Першая друкаваная кніга на Беларусі
Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга (старонкі, эпізоды з аповесці)
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Калі і куды Францыск Скарына паехаў з Прагі?
Недзе каля 1520 года Скарына пераязджае ў Вільню – сталіцу Вялікага Княства Літоўскага. Беларуская мова тут дзяржаўная. На ёй працавала канцылярыя вялікага князя, вялася перапіска з краінамі Усходняй Еўропы.
Дзе з’явілася друкарня Скарыны?
Яна была адкрыта каля віленскага рынку ў доме “найстаршага бурмістра слаўнага і вялікага горада Віленскага”.
Якія першыя кнігі надрукаваны на Беларусі? Як яны аздобленыя?
Такімі выданнямі былі – “Малая падарожная кніжка” (1522 г.) і “Апостал” (1525 г.). Надрукаваныя ў дзве фарбы, з прыгожымі літарамі-ініцыяламі і віньеткамі з раслінным арнаментам. Багатая шырокая застаўка адкрывае раздзел, пад ёю – назва, пад назваю – зноў застаўка, але больш вузкая. Апошнія радкі раздзелаў набраныя то ў форме трохкутніка, то ромба, то келіха.
Перад вамі тры малюнкі друкарскага станка. Менавіта такім карыстаўся Францыск Скарынаі. Але дакладна станок намаляваны толькі на адным з іх. Знайдзіце, на якім малюнку ёсць лішнія дэталі, а на якім іх не хапае. Выкрасліце ці дамалюйце неабходныя. Паспрабуйце даць назву дэталям станка і зразумець, як ён працаваў.
Анатоль КЛЫШКА