Незвычайная Зоська Верас
Яна – аўтарка ўнікальнага “Беларуска-польска-расійска-лацінскага батанічнага слоўніка”, выдавала часопіс для дзяцей “Заранка”, а для пчаляроў – “Беларускую борць”. Дзякуючы ўспамінам Зоські Верас былі адноўленыя Беларуская хатка ў Мінску і сядзіба ў Ракуцёўшчыне, дзе адпачываў яе сябар Максім Багдановіч. Пражыла амаль сто год (1892 – 1991).
Цікавыя факты пра Зоську Верас
1) Не любіла, калі да яе звярталіся па бацьку.
“…не люблю небеларускага звароту па бацьку. Мы па бацьку не называліся ані ў Горадні ані ў Менску ў 1915-18 гадах. Не тытуляваў нас так і Максім Багдановіч”.
2) У сваім садзе вырасціла ўнікальнае коркавае дрэва.
3) Пісала вершы заўсёды начыста і смяялася са Змітрака Бядулі, які шмат крэсліў і перапісваў свае творы.
4) Яе раздражняла, калі моладзь насіла вусы і бароды.
Увага! У гэтым вершы Зоські Верас пераблытаны літары ў назвах раслін. Пастаў іх у правільным парадку. Напішы нам, ці сустракаў ты гэтыя расліны ў вёсцы альбо на лецішчы.
Што за з’ява? Што за дзіва?
Лес і поле, луг і ніва
Зазвінелі ціхім тонам,
Ні то песняй, ні то звонам.
Йдзе лаковша з ышшыпнаю,
Там робяза з ікалнаю,
Далей, узяўшысь за лісточкі,
Йдуць скатроткі моў вяночкі.
А за імі – траб-ярссытчка
І зязюлька невялічка,
Кам чырвоны, сёндра белы
І чызнвокаў букет цэлы.
Йдуць дарогай, йдуць мяжою,
Усе спяваюць грамадою.
1929 г.