Мой дзядуля Васіль Вітка
Раскажу табе пра майго дзядулю, выдатнага пісьменніка Васіля Вітку. Менавіта ён аўтар “Дударыка” і “Казкі пра Цара Зубра”.
Калі табе давядзецца ісці да стаматолага – перачытай “Вавёрчына гора”, адразу стане лягчэй. А беларускую азбуку лепш за ўсё вывучаць па “Азбуцы Васі Вясёлкіна”, якую таксама напісаў мой дзед.
Падымаўся ён на досвітку. Зрабіўшы зарадку, выходзіў у парк і назіраў за качкамі ў Свіслачы. Пасля снедання пісаў свае творы. Потым ішоў на працу ў “Вясёлку”, а калі вяртаўся, сядаў у старэнькае крэсла і чытаў, акуратна падкрэсліваючы любімыя месцы алоўкам. Увечары, патушыўшы святло, абавязкова слухаў класічную музыку – і я разам з ім.
Кожны свой верш спярша паказваў мне. Сур’ёзна слухаў мае заўвагі, як і парады хлопчыкаў і дзяўчынак, што пісалі яму з усёй Беларусі. Ні адзін ліст не пакінуў без адказу.
Калі мы гулялі па горадзе, то любілі складаць вершы разам.
МАСТАКУ – ВІТКА. Што есць госць? ЮЛЯ ЧАРНЯЎСКАЯ. Есць, што ёсць. ВІТКА. А што наша госцейка? ЮЛЯ. Есць, што ёсцейка).
Калі ён выступаў у школах, то не хацеў, каб дзеці слухалі моўчкі. Радаваўся іх смеху, нечаканым пытанням, свавольству. Любіць Беларусь навучаў так проста і лірычна, што дзеці не заўважалі павучанняў, а проста разумелі, што ім пашанцавала нарадзіцца тут.
Ён быў сціплым. Калі атрымаў дыплом Андэрсана, якім узнагароджваюць сто лепшых казачнікаў свету, то схаваў яго. Я прапанавала павесіць на сценку, але дзядуля сказаў: “Юлечка, гэта не інтэлігентна”.
Васіль Вітка ведаў галасы птушак і назвы раслін. Калі ж бачыў параненую птушачку, забіраў дадому, і разам з бабуляй яе ратаваў. Вось такую ластаўку з перабітым крылом ты бачыш на маім малюнку. Дзяўчынка побач з дзядулем – гэта я. Ён называў мяне “ластаўкай”. Менавіта таму свой малюнак я назвала “Дзядуля і яго ластаўкі”.
Юлія ЧАРНЯЎСКАЯ