Школьныя парады
Частка першая: як залагодзіць строгіх настаўнікаў
Віншую! Дажджлівае лета мінула, наступіў лагодны верасень. Ты з радасцю пайшоў у школу? Калі не, то слухай уважліва. Сёння пагаворым пра тое, як можна залагодзіць строгіх настаўнікаў.
- Астры для настаўніцы матэматыкі
Ох, як жа яна на мяне крычала! Колькі двоек ставіла! Але я прыдумаў, як яе залагодзіць. Настаўніца любіла жоўтыя астры (мабыць, пад колер валасоў). І вось яна прыйшла на ўрок, а на стале – дзівосныя астры. “Дзякуй, Васіль! Ты мілы!” – сказала мне. Які ж я быў шчаслівы! На хвілінку яна выйшла (ці то журнал забыла, ці крэйды не было). І тут я даведаўся, што ў аднакласніцы Валерыі быў дзень нараджэння. Не доўга думаючы, я ўзяў адну астру (усё роўна ў вазе засталіся дзве!) і падарыў дзяўчынцы. “Які ты мілы, Васіль!” – пачуў я і ад Валерыі. Шчасце было бясконцым, пакуль не прагучаў страшны лямант: “Чаму ў вазе дзве кветкі?! Хто гэта зрабіў? Васіль? Два! Два! Два!” – і цэлых тры “двойкі” апынулася ў маім дзённіку.
Заўвага: ніколі не дары настаўніцам цотны лік кветак. Чаму? Запытай у бацькоў.
2. Партрэт настаўніка фізкультуры
Ён быў вельмі суровы. Ганяў усіх, і асабліва мяне, па 6-8 кругоў. Прымушаў падцягвацца па 10-15 разоў.
– Васіль! Табе не сорамна? Нават 7-гадовыя Галечка, Манечка і Танечка на адной руцэ ўжо падцягваюцца! Адціскаюцца на двух пальцах. Ану, давай яшчэ! – грымеў ён на мяне.
Зусім замучыў. Як бы яго залагодзіць? Кветкі? Не! Яшчэ пакрыўдзіцца. Прыдумаў! Намалюю яго партрэт! Я заўважыў, што ён любіў глядзецца ў люстэрка і зачэсваў адмысловым чынам свае тры валасінкі.
На раніцу я прынёс у школу партрэт і паказаў настаўніку. Я намаляваў яго з яшчэ большымі мускуламі, чым былі, і на галаве замест трох валасінак зрабіў сапраўдную ільвіную грыву. Хай радуецца і больш не чапляецца.
– Сябе намаляваў? – запытаў настаўнік (а ў мяне былі ў той час доўгія валасы), паказваеш, якім хочаш быць? Добра! Усім па 10 адцісканняў, а Васілю 20 і яшчэ 5 кругоў па стадыёне. Я зраблю з цябе сапраўднага мужчыну! Будзеш такім, як на партрэце!
Заўвага: калі сабраўся маляваць настаўніка – рабі партрэт падобным на яго.
3. Панурая выкладчыца беларускай мовы
Яна была такая сумная, што нават калі ставіла мне добрую адзнаку, радасці было мала. Я вырашыў яе падбадзёрыць. Аднойчы, замест дыктанта, напісаў настаўніцы ліст, дзе прапанаваў, каб мы ўсім класам скінуліся і купілі ёй французкага бульдога.
– Такога яшчэ ніхто сабе не дазваляў! – абурылася яна на наступны дзень.
– А што я сабе дазволіў?.. – напалохана прашаптаў я.
– Ды столькі памылак я яшчэ не сустракала, і да таго ж… у мяне алергія! Таму і сумная, што люблю сабак, а завесці не магу!
Заўвага: не рабі памылак, і перад тым, як суцяшаць настаўнікаў, даведайся, ці няма ў іх алергіі.
У наступны раз пагаворым, што рабіць, каб цябе не крыўдзілі старшакласнікі і як навучыцца заводзіць сяброў, асабліва калі ты сарамлівы і ціхі.
Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК