Юнак музыка грае на цымбалах
Юнак музыка грае на цымбалах,
Люблю я струнны смех-рассып.
Калі бяроза лісце асыпае, –
Як шмат тады ў ёй красы!
Цымбалы звонкія, званчэй звініце
Пад ціхай беднасцю сяліб.
Ліе зарніца колеры ў крыніцу
І золата асенніх ліп.
1926 г.
Язэп ПУШЧА
Язэп ПУШЧА (20 мая 1902 – 14 верасня 1964) – выдатны беларускі паэт, крытык, педагог.
У юнацтве выкладаў сялянскім дзецям французкую і нямецкую мовы. Быў спакойным, шляхетным, у вершах здзіўляў экспрэсіяй, вострымі рытмамі, эмацыйна-яркімі вобразамі. Кожная яго кніга (“Раніца рыкае”, 1925 г.; “Vita”, 1926 г.; “Дні вясны”, 1927 г.) станавілася падзеяй. Імі захапляліся, аб іх спрачаліся. Аўтар класічнага вершаванага цыкла “Лісты да сабакі”. Апошнія прыжыццёвыя выданні Язэпа Пушчы афармлялі мастакі “Вясёлкі”: Валянцін Ціхановіч зрабіў ілюстрацыі да казкі “На Бабрыцы” (1960 г.), Алена Лось аздобіла паэтычны зборнік “Пачатак легенды” (1963 г.).