Да 100-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі
Класік беларускай літаратуры Пімен Панчанка аб’ездзіў ці не ўвесь свет.
МІНСК
Мой родны Мінск,
Пад небам жураўліным
Жыві, квітней пад зоркай залатой.
Ты для мяне на ўсёй зямлі — адзіны,
Цябе люблю я ўсёй душой.
ТЭГЕРАН
Я тут жыў, здаецца, вечнасць, еў лаваш і вінаград,
Палюбіў арыкаў плёскат, пахкі персікавы сад.
НЬЮ-ЙОРК
Тут кожны небаскроб адразу
Сніць дзесяць тысяч розных сноў.
Я ні насмешкай, ні абразай
Не разбуджу яго сыноў…
НЕАПАЛЬ
Палюбіў я ружовы Неапаль,
Пахнуць сонцам яго сады.
Болей, чым да рымскага папы,
Пілігрымаў плыве сюды.
ГІМАЛАІ
І захапленне працінае –
Касмічны казачны прастор,
Гарыць карона ледзяная –
Іскрыстая аздоба гор.
САХАРА
Бачыў я ў Афрыцы каля Сахары,
Як спрытна вярблюдзіц даілі
З гордасцю непрыступнай на твары
Чорныя бедуіны.
ХЕЛЬСІНКІ
Наш цеплаход да самага прычала,
Шум перакрыўшы стомленных вінтоў,
Суправаджаў эскорт крыклівых чаек.
Мы ў Хельсінкі. На беразе – натоўп.
НІЯГАРСКІ ВАДАСПАД
Зрываешся ў бездань з адвагай гарачай,
Ты велічны ўвесь, ад чупрыны да пят.
Чаго прытварацца! I я рад пабачыць
Касматую морду тваю, вадаспад.
ПАРЫЖ
Гэта Манмартр, Дом інвалідаў, Напалеон,
А ў памяці крыху парыешся –
Узнікнуць фарбы палёў Елісейскіх,
Нотр-дамаўскі звон…