Смаката і вітаміны
ГРУШЫ
Дождж ліе… Лістота груш
Зноў прымае цёплы душ.
У галлі даспелі грушы.
Не адцягнеш і за вушы!
ВІШНІ
Каля хаты ў садзе вішня.
Ад цяжару крона вісне.
Нахілілася яна –
Вішні рві-каштуй з акна!
ЯБЛЫНЯ
Днём ранет ружовашчокі
Пазірае на аблокі,
Хоча ў неба паімчацца –
На аблоках пагушкацца!
СЛІВЫ
Надкусіў і скіснуў крыва:
Не ўзялася ў слодыч сліва!
Недаспелая кіслючка –
Толькі выплюнуць, о злючка!
ВІНАГРАД
Вінаград раскінуў плёткі,
На сцяну забраўся ўсё-ткі.
Зараз можна ў лісці
Гронкі сінія знайсці.
ПЕРСІК
Ганарлівец знатны персік
Ў жніўным сонцы бок свой песціць.
Так імкнецца ён паспець
Між чужачак-сліў даспець.
АЛЫЧА
У суседа Махнача
Пахне мёдам алыча,
І на дол сыры ўначы
Ўпала процьма алычы.
МАЛІНЫ
Сціх паблізу гуд пчаліны.
Ззяюць зоркамі маліны.
Адхіні лісток драпучы –
Солад зведаеш смакучы!
АГРЭСТ
Куст раскідзісты – агрэст –
Найкалючы мае змест.
Трэба добра пастарацца,
Каб да ягадкі дабрацца.
ГАРБУЗ
Пад лістом, як парасонам,
Падрастаў гарбуз зялёны.
Стаў ён жоўты і пузаты –
На гарбузікі багаты.
КАПУСТА
У лісты-закруткі з густам
Апранулася капуста.
Толькі нож увішнай бабкі
Распрануў яе да храпкі.
ЦЫБУЛЯ
На гарачым палкім сонцы
Касмачы цыбулі сохнуць,
Каб хвастатыя галоўкі
У вянок звіліся лоўка.
МОРКВА
У зямлю схаванай мокла
Ад вясны самое морква.
А цяпер – цягні за грыву,
Хрумстай соладка, шчаслівы.
ПАМІДОРЫ
На градзе, уздоўж разоры,
Уссядаюць памідоры –
Жоўтыя, чырвоныя,
Чорныя, зялёныя.
БУСЯ НА АГАРОДЗЕ
Зноў падаўся з хаты Буся:
– Нагляджуся! Надзіўлюся!
Да грады паспешны крок.
Умінае агурок!
Вершы Міколы МЯТЛІЦКАГА