Усе фарбы “Вясёлкі”
Віталь ДУДАРЭНКА (1965) – цудоўны беларускі графік. Яго малюнкі ўпрыгожваюць наш часопіс з 2011 года.
Любімым заняткам у дзяцінстве і юнацтве было веславанне на каноэ. Як лічыць спадар Віталь, гэта вельмі загартоўвае характар,
асабліва калі “выкульваешся ў халодную лістападаўскую ваду падчас трэніроўкі на Чыжоўскім вадасховішчы альбо калі здзяйсняеш марафонскія заплывы па Прыпяці ад Нароўлі да Мазыра без перапынку”.
Любоўю да вады прасякнутыя многія творы мастака. Ён часта малюе рэкі, азёры, стаўкі, ручаі, на беразе якіх зазвычай сядзяць летуценныя героі з паэзіі Сяргея Новіка-Пяюна, Аркадзя Куляшова альбо Станіслава Шушкевіча.
Яму вельмі пашанцавала мець цудоўных настаўнікаў. У Мінскай мастацкай вучэльні імя Глебава яго выкладчыкам быў адзін з лепшых педагогаў па малюнку (які, дарэчы, шмат супрацоўнічаў з “Вясёлкай”) Анатоль Луцэвіч. У Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце вучыўся ў такіх выдатных графікаў, як Уладзімір Савіч, Уладзімір Басалыга, Уладзімір Вішнеўскі.
Калі глядзіш на ілюстрацыі Віталя Дударэнкі (напрыклад, яго цудоўныя малюнкі, створаныя для рубрыкі “Жывая класіка”), бачна, якую грунтоўную акадэмічную школу ён прайшоў. Кожны яго твор вызначаецца дакладна прамаляванымі дэталямі, ураўнаважанай кампазіцыяй, тонкай, некрыклівай колеравай гамай, што эстэтычна яднае яго творы з карцінамі Нікаля Пусэна і Клода Ларэна.
Мастак успамінае, што ў дзяцінстве і маладосці яму давялося “вандраваць па ўсёй Беларусі і бачыць усю прыгажосць роднага краю. Менавіта гэтым хараством і прасякнута мая душа, таму родныя краявіды атрымліваюцца ў мяне лепей за іншае”.
У 2014 годзе за свае дзівосныя ілюстрацыі, створаныя для “Вясёлкі”, Віталь Дударэнка атрымаў медаль імя Васіля Віткі.
Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК