Грае
Вераніка радавалася лету. Канікулы, лецішча, бабуля з дзядулем, малодшы брацік – гэта тое, што яе натхняла. Адзінае – надвор’е засмучала. Бабуля патлумачыла, што і дожджык трэба любіць.
– А сёння ідзе дождж? — запытала дзяўчынка, як толькі прачнулася.
– Так, мая харошая.
– Ну і добра, значыць паветра чыстае-чыстае, пылу няма, і дыхаць будзе лёгка! — узрадавалася Вераніка.
– Чым будзеш займацца?
– Сёння да мяне прыйдуць сяброўкі, і мы дамовіліся гуляць у “Музей”, — сказала дзяўчынка, – я буду экскурсаводам, мне трэба распавесці ім пра знакамітага мастака Сяргея Вінаградава і адну з яго карцін.
– А давай я дапамагу, – прапанавала бабуля.
– Дамовіліся! – усклікнула Вераніка.
Бабуля і Вераніка разгарнулі кнігу па гісторыі мастацтва.
– Сяргей Арсеневіч Вінаградаў таленавіты рускі мастак, майстар пейзажу. Ён пражыў шчаслівае творчае жыццё, пакінуў пасля сябе шмат вучняў. Нарадзіўся ў вёсцы Вялікія Солі ў шматдзетнай сям’і святара. Гадзінамі назіраў за працай іканапісца, які жыў па суседству. Не раставаўся з паперай і алоўкамі, увесь час маляваў. Бацькі падтрымалі выбар сына і калі яму было 11 гадоў, адправілі яго ў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. Хлопчык пасяліўся ў прафесара Сарокіна, які таксама быў родам з Вялікіх Соляў. Акрамя Сарокіна, выкладалі такія знакамітыя жывапісцы як Уладзімір Макоўскі, Іларыён Пранішнікаў, Васіль Паленаў. Яны давалі юным талентам не толькі творчую свабоду, але і магчымасць зарабляць. Ладзілі выставы студэнцкіх работ. Вінаградаў выстаўляў жанравыя малюнкі і эцюды, на якіх былі намаляваны сяляне, работнікі і жыхары маленькіх гарадкоў, рэлегійныя сюжэты. Яго творы набывалі, а выкладчыцкі савет заахвочваў аўтараў – выдзяляў пэндзлі, фарбы і грошы.
У Парыжы ўжо быў Луўр, а ў Маскве яшчэ не было Траццякоўскай галерэі. Паленаў вадзіў студэнтаў у дом Сяргея Траццякова на Прачысценскім бульвары і да Паўла Траццякова ў Лаўрушанскі завулак, дзе юныя мастакі знаёміліся з палотнамі Каро, Дэлакруа, Курбэ.
У 20 гадоў Сяргей Вінаградаў атрымаў званне класнага мастака і паступіў у Пецярбургскую акадэмію, якую кінуў, захварэўшы. А ў 21 год пераехаў у Харкаў, дзе яму прапанавалі пасаду выкладчыка малюнка ў рамесным вучылішчы з вызваленнем ад вайсковай службы. У Харкаве ён часу дарма не губляў. Студэнцкі сябар Міхаіл Яравы ўспамінаў: “Сярожа вывучаў французскую мову, шмат чытаў”.
Вінаградаў часта гасцяваў у маскоўскага цукровага магната і калекцыянера Паўла Харытоненкі, шмат пісаў пейзажаў і жанравых карцін.
Калі вярнуўся ў Маскву, то пасябраваў з Канстанцінам Каровіным. Мастакі ездзілі на прыроду, рыбачылі. Часам да іх далучаліся Валянцін Сяроў і Фёдар Шаляпін. Вінаградаў быў вялікім знаўцам французскага жывапісу, дапамог Марозаву набыць работы Гагена, Сезана, Дэга, Рэнуара.
У 1912 годзе Вінаградаву надалі званне акадэміка. Акрамя жывапісу займаўся кніжнай ілюстрацыяй, падчас Першай сусветнай вайны маляваў агітацыйныя плакаты. Удзельнічаў ў еўрапейскіх выставах Саюза рускіх мастакоў. Спрабаваў сябе ў ролі літаратурнага крытыка.
Восенню 1924 года пераехаў ў Рыгу, дзе выкладаў у студыі Мікалая Багданава-Бельскага, а потым адкрыў уласную школу.
У студзені 1938 года ў яго было цяжкое запаленне лёгкіх. 4-га лютага, за дзень да смерці, ён сказаў: “А я ж памру, хоць яшчэ так хочацца працаваць”, – закончыла чытаць бабуля.
– Якое цікавае жыццё! – задуменна сказала Вераніка. – а зараз пра карціну пачытай.
– Папрасі дзядулю, – адказала бабуля.
Дзед пераняў эстафету:
– У сябра Сяргея Вінаграгадва, таленавітага жывапісца Аляксея Сцяпанава была дачка Кацярына. На карціне “Грае” (1914 г.) дзяўчынка з касічкамі. Гэта і ёсць Каця Сцяпанава. Яна сядзіць за піяніна. Побач – сабака, які ўладкаваўся на крэсле. Лагодны, цёплы настрой, пачуццё ўтулу ствараюць жоўтыя шпалеры ў палоску, правільна расстаўленыя крэслы, абраз у куце, кнігі на паліцах. Закрытае акно ўпрыгожвае ажурная фіранка. Палатно напісана шырокімі, працяглымі, імклівымі мазкамі. Радасць, сонечны настрой напаўняе душу ад прагляду гэтага твора, які знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.
– Дзякуй вам, цяпер я гатова праводзіць экскурсію для сябровак! – сказала Вераніка і пабегла рыхтавацца да сустрэчы гасцей.
Анастасія Радзікевіч