Як навучыцца правільна вымаўляць гукі “Ч”, “Ж” і “Ш”?
Урокі Бусі
Памятаеш, як у мінулы раз мы вучыліся Ррррыкаць? Дык вось, вымаўляць гукі “Ч”, “Ш” альбо “Ж” яшчэ прасцей.
1. Расслаб язык. Пакладзі яго на ніжнія зубы, а верхнімі асцярожна пастукай па ім і кажы: “Та-та-та-та”. Затым пашлёпай па ім верхняй губой: “Па-па-па-па-па”.
2. Падымаем кончык языка ўгору. Прыадкрый рот, размясці язык па ніжняй губе. Хай з рота выглядвае толькі яго кончык. Папрасі маму ці тату пакласці на канец языка кавалак жавальнай цукеркі. Толькі пры дапамозе языка прымацуй цукерку да нёба за верхнімі зубамі. У каго лепей атрымаецца, у цябе ці ў таты з мамай?
Смачна было? Выдатна!
3. Пакладзі на стол кавалак ваты. Размясці язык так жа, як і ў папярэднім заданні. Усміхніся і пачынай здзімаць ватку на другі бок стала, не надзьмуўшы шчокі. Пры гэтым старайся вымаўляць гук “Ф”. Каб было весялей, пасадзі з супрацьлеглага боку дзядулю. Хай здзімае вату ў твой бок. Гуляйце кожны тайм па дзесяць секунд. Хто парушыў правілы (надзьмуў шчокі, перастаў усміхацца, не казаў гук “Ф”), на чыёй тэрыторыі стала апынулася ватка, той прайграў.
4. Павучымся вымаўляць “Ж” і “Ш”. Гэта няцяжка Скажы проста гук “са”. Язык павінен быць за зубкамі. Затым падсунь яго глыбей у роцік. Адчуваеш? Паступова тваё “са” ператвараецца ў “Ш”! Каб навучыцца вымаўляць “Ж”, рабі тое ж самае, толькі вымаўляй гук “За”.
5. Ну і куды ж без скорагаворак:
Ч
Скачуць чаплі ча-ча-ча
Чорнай ночкай у чаборы!
Чаравічкі іх чароўна
Адбіваюць у прасторы:
Чукі-чака-чуку-чоры!
Ж
Жанета Жан-Жака жуком жахала, Жан-Жак Жанету жабай пужаў.
Ш
Ушчувала шчуранятка шчыра ў Шчары шчупакоў.
(запытай у мамы і таты, хто гэта шчуранятка: дзіцёнак шчупакоў, ці нехта іншы. Адшукай на карце Беларусі раку Шчару)
Падрыхтаваў Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК
Если мы учим с детьми белорусский язык, то Жанета, Жан-Жак — не белорусские имена.