Як маленькі
Раніцай дзядзька з цёткай прыйшлі ў гумно абіваць лён. Як толькі дзядзька адчыніў дзверы, дык рукамі развёў: на таку стаіць лён у пуках, а над ім блішчыць на сонцы вялікая сетка павуціння. Сетка – як тая зорка касатая. А ў асяродку сам майстар – пузаты, пярэсты павук. Ад яго ва ўсе бакі, як косы ад зоркі, разыходзяцца ніткі павуціння.
– Во! – усміхаецца дзядзька. – Пакуль мы тое-сёе, дык ён ужо напрацаваўся.
– І праўда, – кажа цётка, – дасць жа Бог кожнай жывёлінцы свой промысел. Плёў-плёў, ткаў-ткаў, а зараз сеў сабе ды спачывае…
– А ведаеш, Ганна, – пачаў, памаўчаўшы, дзядзька, – неяк хто яго… як і брацца… Усё роўна неяк бы…
Паглядзела цётка на свайго, усміхнулася.
– Ты, – кажа, – заўсёды, як маленькі. Ён сабе, а мы сабе. Бяры ды вынось, хай насыхае: сонейка…
І пайшла за гумно.
Дзядзька глядзіць на павука, думае: “Чаму не хоча падняцца рука, каб раскідаць сатканае цяжкай працай павуцінне?.. Чаму ён заўсёды, “як маленькі”, абы толькі ўбачыў нешта прыгожае, гатоў глядзець, любавацца, разявіўшы рот, забываючыся аб усім на свеце, нават аб долі сваёй, нават аб тым, што самога яго не шкадуе ніхто?..
Янка БРЫЛЬ
1937 г.