Смешная вайна
Забава
Жыў-быў у Антоніка танк. Ён як бы гудзеў, як бы страляў, як бы ездзіў. А ўсё за яго рабіў сам Антонік.
Кожны дзень цёмна-зялёны танк ваяваў. Антонік садзіў на яго сваіх пяць чорных каўбояў. Ён не ведаў, чаму салдаты называюцца “каўбоямі”. Але давяраў войску і пасылаў у бой, дзе стралялі.
Аднойчы дзед кажа:
– Антонік, табе не страшна на тваёй вайне?
– Ніколечкі!
– Чаму?
– Бо я смешна ваюю…
– Як гэта?
– Як, як, як, – заякаў унук, завёў танк.
Ён страшна тарахцеў, фыркаў на ўсю кватэру. Засакатаў кулямёт. Забухала гармата. З крыкам “ура!” каўбоі кінуліся ў бой. Пачаўся штурм крэпасці. З шафы павыляталі шалікі, шапкі, тапкі…
У самы разгар гульні Антонік-Понік пад’ехаў на танку да дзеда.
– Ну што, смешна?
Дзед ухапіў на рукі камандзіра, моцна-моцна прытуліў да грудзей.
Уладзімір ЛІПСКІ
Вельмі кранула.. Дзякуй