Мне з садком пашанцавала!
Таты і мамы! Як часта нашы дзеці не хочуць ісці ў дзіцячы садок, нават калі ён самы лепшы ў свеце. Што рабіць? Насварыцца? Прыстрашыць, што пакінеце без салодкага? Ай! Гэта не цікава. Значна лепей стварыць для вашага дзіцёнка сапраўдны спектакль.
Загрыміруйцеся ў двух вясёлых блазнаў і разыграйце твор Алесі ПАНЦАК.
Першы дзень у садку
1-шы і 2-гі БЛАЗНЫ.
Цілі-цілі, тралі-валі,
Мы ў садку адпачывалі!
1-шы БЛАЗАН.
Толькі я заплюшчыў вочы,
Як падбег вясёлы хлопчык
І сказаў на вуха:
2-гі БЛАЗАН.
Мяў!
1-шы БЛАЗАН.
Так я з ім пасябраваў.
2-гі БЛАЗАН.
А пасля адна дзяўчынка
Загарнулася ў прасцінку
І сказала, што прывід.
Загортваюць у прасціну юнага гледача і ён пад воплескі скача.
1-шы БЛАЗАН.
У яе быў смешны від!
1-шы і 2-гі БЛАЗНЫ.
Дзеці ўсе зарагаталі,
З ложкаў разам паўставалі,
І пачаўся тарарам,
турурум і трам-пам-пам!
Скачуць разам з дзіцёнкам-гледачом пад вясёлую рок-музыку.
1-шы і 2-гі БЛАЗНЫ (у цішыні).
Мы скакалі сем хвілін –
Прытаміліся зусім,
Селі трошкі адпачыць…
1-шы БЛАЗАН.
Бачу – новы сябар спіць.
Што рабіць? Я лёг таксама.
Мне прысніўся кот і мама…
2-гі БЛАЗАН.
Мама гладзіла за вушкам,
Кот улёгся на падушку.
1-шы і 2-гі БЛАЗАН.
Першы дзень прайшоў удала –
Мне з садком пашанцавала!
Таты і мамы, калі гэты спектакль сыграеце з усёй душой – самі пабачыце, з якой радасцю ваш дзіцёнак пабяжыць у садок!