Вунь бярэзнік на пагорку…
Вунь бярэзнік на пагорку.
Ён на сонцы беліць шоўкі.
І кудзерцамі ў расе,
Нібы хлопчык, ён трасе.
Вунь ручай звініць дукатам,
Сустракаецца ён з братам –
З ручайком пяе другім
Небу, сонейку свой гімн.
1912 г.
Змітрок БЯДУЛЯ
Змітрок БЯДУЛЯ (23 красавіка 1886 – 3 лістапада 1941) – класік беларускай літаратуры.
З аднолькавым творчым запалам пісаў вершы, паэмы, крытычныя артыкулы, апавяданні, аповесці, раманы, навуковыя даследаванні. Для дзяцей стварыў кнігі “Качачка-цацачка” (1927 г.), “Мурашка-Палашка” (1939 г.) ды іншыя. Іграў на скрыпцы, па-майстэрску чытаў свае творы, а ў маладосці быў неблагім акцёрам.
У “Казках жыцця” Якуб Колас выявіў яго ў вобразе прыгожага і мудрага Кучаравага дрэва: “Буйна-радасна, сакавіта-музычна шумела маладое лісце на Кучаравым дрэве. А калі раніцаю на гэтым Дрэве спыняліся промені сонца, заляцеўшы сюды з недасяжных глыбінь, яны развешвалі на вільготным лісці мнагаструнную арфу…”