Таямніцы нашага садка. Гісторыя трэцяя
Аповесць-казка
Няўважлівы татачка
– Уууу! Ааааа! – на ўвесь садок плача Міхалінка.
Следам былі гатовыя заплакаць іншыя дзеткі. Выхавацель Васіль на хвілінку разгубіўся. Дапамог яго лепшы сябар, наручная лялька парсючок Пятро.
Ён пяшчотна дакрануўся капытком да шчочкі Міхаліны:
– У цябе слёзкі такія вялікія-вялікія, рох-рох, прыгожыя-прыгожыя. Я ў іх бачу сябе лепей, чым у люстэрку. Вой, не ведаў, што мне трэба пахудзець.
Дзеці засмяяліся і перахацелі плакаць. Міхаліна пачухала Пятро за вушкам:
– У мяне татачка такі… няўважлівы!.. Ён рэдка мяне адводзіць у садок, і калі гэта бывае, я стараюся апранацца, як на свята. Мінулы раз надзела залацісты абручык у форме кароны, а ён не заўважыў! Сёння – усе ў садку хвалілі мой новы банцік, а татачка не слова! Уууу…
– Уууу… – ізноў захацелі яе падтрымаць дружным плачам сябры.
– Шшша! – шыкнуў Пятро.
– Плакаць кожны ўмее. А вось як нашай беднай Міхаліне дапамагчы? Што зрабіць, каб татачка пачаў яе заўважаць?
– Абліць сябе з галавы да пят зялёнкай, – прапанаваў Сярожка.
– Не. Мяне пакінулі з татам на выходныя, я зялёнкай аблілася, а тата да прыезду мамы гэтага так і не заўважыў, – уздыхнула Міхаліна.
– Гучна спяваць: “Дзілі-дзілі-дзі! На мяне ты паглядзі!” – сказала Соня.
– Думаеш, я не спявала? Татачка навушнікі надзеў і рабі што хочаш…
– Я ведаю! – нечакана прамовіў выхавацель Васіль.
Усе дзеці і нават парсючок Пятро здзіўлена на яго паглядзелі.
– У мяне ёсць дачка. Яе завуць Валечка. І я таксама быў… не зусім уважлівы. Вельмі любіў камп’ютарныя гульні. Аднойчы пайшлі мы ў тэатр казку глядзець. Там злая чараўніца хацела ўсіх дзяцей ператварыць у кактусы. Валя ўсё мяне тузала, хацела, каб я з ёй глядзеў, а я не адрываўся ад тэлефона, дзе была новая гульня.
Спектакль скончыўся, а я, усё яшчэ гуляючы, працягнуў руку да крэсла Валі і раптам… мае пальцы, нібыта, уджаліла пчала. Замест дачкі на крэсле стаяў невялікі кактус у гаршчку. На ім былі… чырвоныя завушніцы ў форме сэрцаў. Такія ж, як у Валі!
Абшукаў увесь тэатр – яе нідзе няма. Няўжо яна ператварылася ў кактус? А тут хлопчык, які сядзеў побач, кажа, што чараўніца, гледзячы на Валю, шаптала таемныя словы…
Тэатр зачыняецца, адміністратар выганяе мяне на вуліцу, дае толькі пакет, каб я не пакалоўся аб Валю. Выйшаў я, сеў на прыступкі, прыхінуў да сябе вазон. Пякуць мяне Валіныя калючкі. А я плачу:
– Даруй мне, дачушка! Забудуся цяпер на гульні свае… Буду паліваць цябе, даглядаць… Мо, нават, кветачка на табе вырасце…
І раптам нехта абдымае мяне. Вачам не веру: Валечка мая!
– А як жа…
– Гэта проста кактус, – сказала Валя, – я падчас спектакля ціхенька выйшла ў фае, забрала з вакна вазон і замест сябе ў крэсла паставіла. Ты праўду сказаў? Будзеш да мяне ўважлівы?
– У той жа дзень я павыдаляў усе свае гульні і пасля працы праводзіў свой час толькі з Валечкай. Дарэчы, заўтра будуць паказваць тую ж казку. Схадзі са сваім татам і зрабі так, як мая Валя.
– Выдатная ідэя! – усклікнуў парсючок Пятро, – ты згодная?
– Так, – сказала Міхаліна.
Дзяўчынка забылася на слёзы і крыўду. Яна з нецярпеннем чакала заўтрашняга дня.
А што рабіць, калі часу няма схадзіць на спектакль, альбо калі ў фае тэатра няма вазонаў з кактусамі?
Ёсць больш пяшчотны спосаб прыцягнуць увагу татачкі. Для гэтага табе трэба яго залавіць.
Як залавіць татачку?
1) Схавайся ў надзейным месцы і чакай, калі татачка прыйдзе пасля працы.
2) Падпільнуй калі ён прысядзе на канапу.
3) Падкрадзіся ззаду, заскоч яму на шыю і моцна абдымі. Пры гэтым ласкава шапчы чароўныя словы:
– Хто самы лепшы, выдатны на свеце?
– Татачка, – дружна гавораць усе дзеці.
Затым пацалуй яго ў шчаку. Пасля такога нават самы няўважлівы татачка ўсміхнецца, пацалуе цябе і нават згуляе з табой у якую-небудзь гульню.
Міканор ХОМАЧКА