Дзяўчынка ў вянку
– Мама, а давай паглядзім дыск, які нам далі на лета ў Нацыянальным мастацкім музеі, – прапанавала Вераніка.
– Запрашай сябровак, паглядзім усе разам, – адказала мама.
– Думаеш, ім будзе цікава даведацца пра мастака Фірса Жураўлёва? – пацікавілася Вераніка.
– Вядома, бо гэта вельмі цікавы мастак, – запэўніла дачку мама.
Дзяўчынка запрасіла сябровак, расказала пра праект у якім удзельнічае, паказала карціны мастакоў, даклады, якія яна рыхтавала з бацькамі, і свае малюнкі па карцінах, з якімі іх знаёмілі ў музеі. Бацька Веранікі ўключыў дыск, і дзяўчаты з захапленнем пачалі глядзець і слухаць.
Дыктар пад прыемную музыку пачаў распавядаць:
– Фірс Сяргеевіч Жураўлёў нарадзіўся ў Саратаве 10 снежня 1836 года. Яго бацька быў краўцом. Бацькі хацелі, каб сын працягнуў сямейную справу. Да 19-ці гадоў будучы мастак займаўся кравецкім рамяством. У 1855 годзе Жураўлёў адправіўся ў Пецярбург паступаць у акадэмію мастацтваў. Ён зблізіўся з Іванам Крамскім і іншымі вучнямі Акадэміі. Сябры збіраліся на кватэры Крамскога, дзе чыталі літаратурныя творы, малявалі з натуры. У 1858 годзе мастак атрымаў свой першы малы сярэбраны медаль. Жураўлёў звярнуўся да тэмы, прысвечанай беднаму і неўладкаванаму жыццю творчага чалавека: мастака, музыканта, паэта. Гэта тэма мела сваё развіццё на працягу ўсёй другой паловы 19-га стагоддзя. У 1862 годзе мастак атрымаў малы залаты медаль за карціну “Крэдытор апісвае маёмасць удавы”.
Восенню 1863 года Фірс Сяргеевіч у ліку 14 вучняў на чале з Крамскім падаў прашэнне аб “вольным дазволе” пісаць конкурсную праграму на вялікі залаты медаль. Але адказ быў адмоўным, і ў знак пратэсту вучні пакінулі акадэмію мастацтваў. Мастакі стварылі Санкт-Пецярбургскую мастацкую Талаку. Разам з другімі арцельшчыкамі Жураўлёў выконваў заказы на стварэнне партрэтаў па фатаграфіях, пісаў абразы, жанравыя карціны, а выручку ад продажу арцельшчыкі дзялілі на ўсіх.
У 1860-1870-я гады мастак як і раней, заставаўся верны бытавому жанру і абранай тэме “зняважаных і абражаных”. У гэты перыяд ён напісаў карціну “Дзеці-жабракі”, якая ўнесла новыя акцэнты ў шырока распрацаваную ў жывапісе гэтага часу дзіцячую тэму.
За карціны “Вяртанне з балю” і “Прыезд рамізніка дадому”, прадстаўленыя на акадэмічнай выставе 1868 года, Жураўлёў атрымаў званне класнага мастака першай ступені. Самай вядомай яго карцінай стала палатно “Перад вянком”, за якую ён атрымаў званне акадэміка і першую прэмію ад Таварыства Заахвочвання Мастакоў. Пра гэты твор захоплена адгукаліся крытыкі і простая публіка. Вялікім поспехам карысталася і яго наступная карціна “Перад вянком”. Дзяўчына ў белай сукенцы з фатой, сеўшы на падлогу, плача, закрыўшы твар рукамі. Побач стаіць строгі бацька. Гэтае палатно набыў для сваёй калекцыі Павел Міхайлавіч Траццякоў, заснавальнік Траццякоўскай галерэі ў Маскве. У перыяд з 1880 па 1890-я гады мастак пісаў партрэты. Сярод іх ёсць аўтапартрэт мастака.
Тата Веранікі запытаўся ў дзяцей:
– А ці ведаеце вы, якая карціна Жураўлёва захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі?
– “Дзяўчына ў вянку з палявых кветак”, – з радасцю адказала Вераніка
– Так, адказ правільны.
Паглядзіце на карціны Фірса Жураўлёва. У сярэдзіне XIX стагоддзя яны былі вельмі папулярныя ў Расіі. Яны ўпрыгожвалі жыццё, прыкладна гэтак жа, як сёння сцены нашых кватэр, дамоў ўпрыгожваюць насценныя календары з фатаграфіямі кацянят ці кветак. А зараз давайце даглядзім запісаную лекцыю, – прапанаваў тата і зноў уключыў дыск.
– “Дзяўчына ў вянку з палявых кветак” апранута па-святочнаму. На яе сарафане – пазалочаныя круглыя гузікі, на шыі бурштынавыя каралі, а замест какошніка рознакаляровы вянок, у які ўплецены рамонкі, валошкі, каласкі пшаніцы. Яна прытрымлівае кошык з ягадамі. Напэўна, ішла з лесу і прысела на траву адпачыць. Падумайце самі, хіба звычайная сялянская дзяўчына пайшла б у лес па ягады, так святочна ўвабраўшыся? Вядома, усё гэта мастак прыдумаў…
Фірс Жураўлёў памёр у 1901 годзе. Яго жонка перадала ў дар Саратаўскаму мастацкаму музею ім. А.Н.Радзішчава яго некалькі твораў.
Карціны Жураўлёва захоўваюцца ў музеях і галерэях Архангельска, Іркуцка, Казані, Калугі, Новасібірска, Пярмі, Разані, Саратава, Тулы, Хабараўкау, Пінска, Адэсы, Мінска, Кіева, у прыватных зборах.
Запіс на дыску прыпыніўся, і нашы слухачы падрыхтаваліся да абмеркавання творчасці мастака.
Анастасія РАДЗІКЕВІЧ