Мая Беларусь (працяг)
Аповесць-споведзь
О, Беларусь, мая шыпшына,
Зялёны ліст, чырвоны свет.
У ветры дзікім не загінеш,
Чарнобылем не зарасцеш.
Мой любімы паэт Уладзімір Дубоўка
напісаў гэтыя радкі
ў дваццатыя гады мінулага стагоддзя.
Хіба ж думаў ён тады,
што чорная паласа рэпрэсій
абаўе і яго лёс.
А надыйдзе красавік 1986 года,
і чарнобыльская атамная трагедыя
глыбока параніць Беларусь.
Нашы землі адчужалі,
людзей перасялялі.
Але ж чужымі мы не сталі.
Мужна залечваем раны.
І верым: Чарнобылем не зарасцем!
І помнім Уладзіміра Дубоўку –
паэта і сына Беларусі.
Мы жывучыя на роднай Зямлі!
***
На фрэсках маёй Беларусі
увекавечаны полацкая Сафійка,
ікона Божай Маці Жыровіцкай,
званы мінскіх храмаў,
берасцяная запіска з Бярэсця,
велічныя гмахі Нясвіжскага замка,
няскораная Белая вежа ў Камянцы…
Усё гэта – наша гісторыя.
Яе старонкі высвечваюць стагоддзі,
у якіх мы жылі Беларусамі,
адданымі свайму роднаму куту,
які падараваў нам сам Бог.
Наша гісторыя сведчыць:
мы – людзі мірныя,
чужой зямлі не прагнем,
але да нас з мячом
лепей не хадзіць…
Мы ўжо спазналі залежнасць.
Цяпер ідзём да сваёй незалежнасці.
Мальба адна:
дайсці, не стаміцца, зберагчы Беларусь.
***
Мая Беларусь!
На тваёй зямлі-матухне
Шмат што знікае:
снег вясною,
воск у свечцы,
дрэвы на дзялянцы,
вада ў калодзежы…
Гарады будуюцца.
Вёскі рушацца.
Пакаленні мяняюцца.
Толькі нязменныя межы твае,
мая векавая Беларусь.
Жывучая мова твая,
царская прыгажосць,
адвечная сціпласць.
У аўры тваёй
пестуюцца новыя нашчадкі.
І яны, веру, ніколі-ніколі
не здрадзяць Айчыне,
прадоўжаць жыццё
ў белай, чыстай, вечнай яве.
Раніцу новага дня
ёсць каму сустракаць.
Дык гучыце фанфары
ў гонар маёй Беларусі!
***
Ведай, родная Беларусь,
маё сэрца – храм для цябе.
У ім, маленькім, твая ікона –
Багародзіца трымае Ісуса,
Сына Адзінароднага.
Гэтак ты, мая Беларусь,
люляеш сваіх нашчадкаў.
Усяляеш у іх моц і веру,
любоў і каханне.
А я абагаўляю гэту пяшчоту
і кожным ударам сэрца,
як царкоўным звонам,
абвяшчаю:
“Малюся за цябе, Радзіма,
Хачу, каб упэўнена, годна
сядзела на ўсяленскім покуце,
каб цябе паважалі і цанілі,
каб табой ганарыўся кожны,
хто дыхае тваім паветрам.
Беларусь!
Ты – мой храм Выратавальніка.
А я – твой храм Верніка.
Божа Нябесны!
Не разлучы гэтыя храмы.
Хай знітуюцца яны
ў новых пакаленнях!”
Уладзімір ЛІПСКІ