Галя
Вышывала ты сарочку
пад ігрушай у садочку.
Васільковы брала колер
на сваім радзімым полі,
А зялёны брала ў лесе,
дзе свае спявала песні.
Пурпуровы на каліне,
што красуе на даліне.
На каўнерыку, рукавах
зіхаціць узор яскрава.
Уладзімір ДУБОЎКА
Уладзімір ДУБОЎКА (15 ліпеня 1900 – 20 сакавіка 1976) – адзін з самых значных беларусіх паэтаў 20-га стагоддзя, выдатны мовазнаўца і перакладчык. Яго творчасцю захапляўся Янка Купала, а Язэп Пушча пісаў, што вершы Дубоўкі – “гэта ўзвышша сучаснай беларускай паэзіі”. Увёў ва ўжытак такія словы, як “адлюстраваць”, “ажыццяўленне”, “дабрабыт”, “мілагучны”, “мэтазгодны”, “цемрашалец”. Для дзяцей напісаў кнігі “Як сінячок да сонца лётаў” (1961), “Дзівосныя прыгоды” (1963), “Мілавіца” (1964), “Залатыя зярняты” (1975).