Мацейка-гаспадар
Понедельник, 31.07.2017 07:43. Рубрика: Хвілінкі-весялінкі
Адкрыў у сабе Мацейка дар,
Што ён выдатны гаспадар.
Глядзіць, каб пылу не было,
Каб чыстым стала ў шафе шкло.
За ім дзядуля назірае,
Як ён свой столік прыбірае
І складвае ў шуфлядку лоўка
Свае асадкі і алоўкі.
Сябры, ніколькі не маню:
Мацейка любіць чысціню.
Татачкі і мамачкі, калі раптам вашыя дзеткі не любяць наводзіць парадак, для іх ёсць цудоўная гульня!
- Завядзіце сына ці дачку ў прыбраны пакой. Хай запомняць, дзе што ляжыць.
- Зрабіце знарок вялікі непарадак.
- Дайце ім усяго 5 хвілін, каб яны ўсё дакладна паставілі на свае месцы.
- Калі хоць нешта будзе стаяць не так – адзін лік у вашу карысць. Так можна гуляць у некалькі таймаў. З кожным новым таймам час на прыбіранне скарачаецца. Пераможцу можна ўзнагародзіць медалём “Кароль прыборкі”.
Калі спадабаецца, то пачынайце кожную прыборку ў вашай кватэры з гэтай гульні!
Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ