Напарстачак
Аднойчы ў парку першакласніца Таня гуляла з сяброўкамі ў хованкі.
Нешта зашамацела побач. Дзяўчынка прыгледзелася. Да яе выпаўз руды, з рэдкай поўсцю звярок. Ён быў з напарстачак. “Трэба ўзяць яго з сабой”, – падумала дзяўчынка.
Дзеці акружылі Таню. Кожнаму хацелася патрымаць звярка. Усім гуртам яны падаліся да Тані.
– Тата, глядзі, каго я знайшла!
– Магчыма, гэта шашок, – разважаў бацька. – Але такіх маленькіх я ніколі не бачыў.
– Татачка, ты ў сваім біялагічным музеі выкормліваў з соскі розных звяркоў. Давай паспрабуем і гэтага выкарміць.
Напарстачак аказаўся вельмі паслухмяным і разумным. Гэта і сапраўды аказаўся шашок. Спінка яго стала чорна-бурай, а жывоцік – колеру спелай саломы. Звярок вельмі любіў падурэць і радаваў усю сям’ю.
Уладзімір ШУЛЯКОЎСКІ