Усе фарбы “Вясёлкі”
Пятро ДРАЧОЎ (1937 – 2005) – беларускі графік, спецыяліст па гістарычнай рэканструкцыі. Больш за дваццаць гадоў супрацоўнічаў з
“Вясёлкай”.
Бацькі загінулі ў вайну, а яго з сястрой адправілі ў розныя дзіцячыя прытулкі (адшукаліся толькі калі выраслі).
Ужо студэнтам здзіўляў сваімі ведамі ў галіне мастацтва, філасофіі, гісторыі, этнаграфіі. Займаўся ёгай (лёгка рабіў стойку на галаве), выдатна спяваў, быў здольным кулінарам.
Быў адзін з самых цікавых кніжных ілюстратараў, асабліва ганарыўся сваім мастацкім аздабленнем да кніг блізкага сябра – Уладзіміра Караткевіча.
Асноўная тэма творчасці – гісторыя Беларусі. Малюнкі Пятра Драчова да “вясёлкаўскай” рубрыкі “Наша спадчына” ўражваюць графічнай вастрынёй, дынамікай, адметнымі дэталямі, яркімі вобразамі, гістарычнай праўдай. Паводле сваёй займальнасці нагадваюць коміксы. Мастак хацеў, каб яго ілюстрацыі, прысвечаныя нашай мінуўшчыне, былі цікавыя абсалютна ўсім – “нават самым далёкім ад нашай гісторыі людзям”.
Зусім у іншай манеры выкананы яго шматлікія выявы звяроў: здаецца, перад намі размытая пляма, але мастак дадае два-тры штрыхі – і гэта ўжо гнуткая пума, леў альбо слон.
Любімы кампазітар – Шапэн: “У яго музыцы ёсць неакрэсленасць і нейкая жальба. Я адчуваю, што краявіды нашы менавіта такія”.
Творы Пятра Драчова захоўваюцца ў музеях Беларусі і Еўропы.
Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК