Скарына ў Празе
Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга (старонкі, эпізоды з аповесці)
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Чаму першадрукар выбраў Прагу?
Адсюль можна было наладзіць сувязь з такімі цэнтрамі еўрапейскага кнігадруку, як Нюрнберг, Аўгсбург, Венецыя. Таксама Прага магла прыцягваць Скарыну тым, што там ніхто б не стаў чыніць яму перашкод з-за рэлігійных перакананняў.
Што было патрэбна Францыску Скарыне, каб пачаць працу над перакладам Бібліі?
Трэба было адшукаць шматлікія тэксты старадаўніх кніг – рукапісныя стараславянскія, друкаваныя чэшскія, лацінскія, а таксама адліць новыя, не лацінскія шрыфты, адшукаць выдатных друкароў, гравёраў, мець адмысловую паперу.
На якой паперы Скарына друкаваў свае выданні?
Каб зрабіць кнігі больш даступнымі, частку тыражоў сваіх выданняў Скарына друкаваў на тоўстай нізкаякаснай паперы або той, якую пасля прамаслівання ўстаўлялі замест шыбаў у вокны.
Анатоль КЛЫШКА
У першай кнізе, якую выдаў Скарына ў Празе, з’явіўся яго друкарскі знак – з’яднаныя сонца і месяц.
Ёсць дзве версіі, што гэты знак абазначае:
1) Сонечнае зацьменне 16 сакавіка 1485 года. Скарына такім чынам паказваў год свайго нараджэння.
2) Сонца – сімвал асветы, святла, цяпла, вечнасці. Яго промні – гэта набытыя веды, а малады месяц сімвалізуе сабой рост і маладосць.
Падумайце, які знак для сябе абралі б вы? Якія прадметы выкарысталі б пры яго маляванні? Дасылайце ў рэдакцыю варыянты. Лепшыя будуць апублікаваны.