Як навучыцца вымаўляць “Р” не горш за тыгРРРА?
Урокі Бусі
– Кля-кля, пРРРывітанне! ПаўтаРРРы? АтРРРымалася “пЛЛЛывітанне”? Не бяда! Хочаш РРРыкаць як тыгРРР? Слухай, што тРРРэба РРРабіць.
1.
Давай умацуем твой язык.
а) Моцна-моцна прыцісні кончык языка да нёба і пакусвай яго, але не моцна, каб ён не пакрыўдзіўся.
б) Уяві, што ты прыгожы конік. Пакажы, як умееш цокаць.
в) А цяпер ты чмель-прыгажун. Выцягні язык за межы зубоў да сярэдзіны і паспрабуй як мага даўжэй прамаўляць гук “З”.
г) Зараз ты вясёлая малпачка, якая любіць дражніцца. Дацягніся языком да носа, а затым да падбароддзя. Спярша марудна, а пасля ўсё хутчэй.
Пераходзім да больш складаных практыкаванняў. Гатовы? Тады слухай!
2.
а) Ты сапраўдны ТыгРРР. Хай мама і тата паспрабуюць адабраць у цябе здабычу (ёй можа быць любімая цацка). Набяры паветра поўныя грудзі. Як толькі заўважыш небяспеку, кажы на выдаху: “Ррры!”.
б) Стань чараўніком! Вазьмі чароўную палачку і паўтарай магічныя словы: “Тра-тру-тро-тры-трэ, рэтры-ратру-тро, драту-трады-дтру”. Калі кожную літарку будзе чуваць, дык тваё “Р” стане самым звонкім і ў садку, і дома, і на вуліцы.
в) Вывучы гэтыя скорагаворкі:
У Веты – рэтрывер, а ў Веры – ратвейлер. На рэчцы ратанаў пералавілі, рыбаку Рому прыкрасць зрабілі. (Спытай у таты і мамы хто такія ратаны і што такое прыкрасць).
Рысь, рысяняткі рыс ад Рысі русявай цераз Бусю атрымалі: “ры-рэ-ру” ад радасці казалі.
– Кля-кля! А цяпеРРР скажы “пРРРывітанне”. Малайчына! Чуеш, як пРРРыгожа РРРакоча “Р”? І сапРРРаўды, не горш чым у тыгРРРа!
Падрыхтаваў Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК