Папугай ОГОГО
Казка пра літары О і П
– О-го-го! – прасіла падмогі О.
– О-го-го! – паўтарыла прыгожая птушка.
– Ой-ой-ой! – пачала войкаць О.
Птушка пераляцела з пальмы на пальму, перадражніла:
– Ой-ой-ой!
– Хто ты? – спытала О.
– Тоты, тоты – ого-го-го!..
– Тоты ці Огого?
– Я – Огого! – птушка спрытна перакулілася на галіне. – Я – папугай Огого!
– Ой, Огого, я трапіла ў палон. Ой, памажы перамагчы бяду!..
Папугай на парасоне з пёрак спусціўся з пальмы, пераможна патупаў перад О:
– Паказвай твой палон!
– Ой, Огого, мой палон – сум і непакой. Пагуляць, павесяліцца хачу, а я – адзінокая.
– О-го-го! О-го-го! – папугай падскокваў перад О, спяваў:
От я, з літары П я,
Папугай Огого я…
Павесялела О, пакацілася вакол папугая. Падхапіў Огого О, падняў на пальму, падвесіў. Было О, цяпер – кола. Спявае папугай, седзячы ў коле, пахваляецца:
От я, з літары П я,
Папугай Огого я…
Уладзімір ЛІПСКІ