Таямніцы нашага садка. Гісторыя другая
Аповесць-казка
Гісторыя другая: Оня і вежа
У нашым садку я была самая сумная. Ні з кім не сябравала. Не паспее задзірысты Міцька ці рагатуха Галька сказаць пра мяне што-небудзь смешнае, адразу ў слёзы.
Больш за ўсё я любіла будаваць з кубікаў вежу. Зверху ставіла свой прыгожы беленькі туфлік. Гэта было самотнае гняздзечка ў якім жыла я – прынцэса. Праўда, прыгожа?
Міцька і Галька часта бурылі вежу, а мой туфлік куды-небудзь хавалі.
Мне была патрэбна сяброўка-абаронца. Аднойчы, пад час ціхай гадзіны, я намалявала яе.
– Як бы цябе назваць? Ты так сумна на мяне глядзіш…
Я ўсхліпнула. Сляза ўпала на малюнак. І сяброўка ажыла…
– Оня! Мяне завуць Оня! – сказала яна. – Цяпер тваю вежу, прынцэса, ніхто не разбурыць!
Супакоеная, я заснула і мне сніліся рознакаляровыя матылькі, якія ловяць сачкамі дзяцей з майго садка.
Назаўтра, з самай раніцы, я пабудавала новую цудоўную вежу!
Каля яе круціліся Міцька з Галькай, але… вежа засталася цэлая. Малайчына Оня!
Перад прагулкай кудысьці знік Міцька. Выхавацелька і дзеці хадзілі занепакоеныя, асабліва сумавала Галька. Затым прапала і яна. Дзеці з насцярогай паглядалі на вежу.
Я пачула, як нехта ціхенька смяецца пад маёй падушкай. Там я хавала малюнак з Оняй. Няўжо гэта яна?
Я не паверыла сваім вачам. Вось што я ўбачыла.
– Оня, чаму Міцька і Галька ў няволі?
– А дзе ім яшчэ быць? Яны смяяліся з цябе, хацелі разбурыць тваю вежу! Хочаш, я ўсіх дзяцей з садка пасаджу ў вежу?
– Пачакай! Яны ж мне нічога кепскага не зрабілі…
– Ты вельмі добрая, прынцэса. Але яны цябе не любяць! Не сябруюць! Ім шкада Міцьку і Гальку!
– Оня, не трэба! Я не хачу крыўдзіць усіх!
– Я твая лепшая сяброўка і ведаю, што ты хочаш!
Упершыню ў жыцці мне стала шкада гэтых дзяцей. Я схапіла гумку і пачала сціраць малюнак… На лісце не засталося ні Оні, ні клеткі…
Увесь дзіцячы садок радаваўся: Міцька і Галька вярнуліся. Мы разбурылі вежу і сталі лепшымі сябрамі. Больш я ніколі не плакала, стала часцей усміхацца, а часам была рагатухай, не горшай за Гальку.
Я нават і не ведала, колькі усяго выдатнага можна пабудаваць з кубікаў! Дзякуй сябрам, што навучылі!
Міканор ХОМАЧКА