Сярожка і яго дзяды
Дзяды
Гэтак хваліцца Сярожа:
– Я багаты самы, можа,
Бо ў мяне дзядоў багата.
Ну, найпершы –
Татаў тата, –
Гэта дзед, дзядунька родны,
Да яго ў сябры я згодны:
З ім майструем і гуляем.
А яшчэ – дзядулю маю.
Ён старэйшы на ўсю хату, –
Гэта прадзед, дзедаў тата.
А яшчэ ён татаў дзед! –
Сапраўды, дзядоў букет,
А са мной – дзядоў сям’я!
Вось які багаты я!..
Коннік і конік
У Сярожкі
Гулі з гуляў –
Пакатацца на дзядулі:
– Гэй мой конік,
Гэй мой сівы!.. –
І абодва дурасліва
Скачуць наўскач па кватэры.
Толькі ж гулі
Знаюць меру…
Едзе коннік,
Паганяе –
Конь прасіцца пачынае:
– Быў я конік вараны,
А цяпер я
Дзед двайны, –
Паганяй,
Ды без прынук:
Ты мне праўнук,
А не ўнук.
– О-о-о, калі двайны –
Вітаю! –
Праўнук весела гукае, –
Значыць, ты ўдвая дужэй –
То й вазі
Ўдвая даўжэй!
Дуб
О, каб з вас ды хто пабачыў –
Дуб які! – у нас на дачы!
І мажны ён, і зялёны,
Аж пад неба выйшаў кронай!
Вышыня, о вышыня, –
Наша крэўная радня,
Наш сямейны інтарэс:
Лез дзядуля – не далез.
Дзед стараўся ўслед за ім,
Тата лез, як быў малым…
– Хто наступны?! –дуб пытае.
–Я! – кажу.
І цвёрда знаю –
Так мы з дубам парашылі:
Я – далезу да вяршыні!..
Васіль ЗУЁНАК