Усе фарбы “Вясёлкі”
Алена ЛОСЬ (1933 – 2013) – выдатны беларускі графік. Больш за 30 гадоў супрацоўнічала з “Вясёлкай”. Многія кнігі, якія яна аформіла, – сталі сапраўднымі творамі мастацтва. Уладзімір Караткевіч быў у захапленні ад таго, як яна аздобіла яго зборнік “Блакіт і золата дня” (1961 г.): “Я шчаслівы! Гэта першая работа над маёй кнігай, якая мне спадабалася”. Асабліва Алена Лось любіла рабіць ілюстрацыі да дзіцячых выданняў. Калі яе папрасілі аформіць кнігу Васіля Быкава, яна адмовілася – не хацела маляваць жахі вайны.
Сваёй прафесіі вучылася ў Вільні. У творчасці натхнялася народным мастацтвам: “Мяне яно грэе з дзяцінства, калі бачыла ў сялянскіх хатах даматканыя посцілкі, дываны, вышываныя ручнікі”. Ездзіла па Беларусі, рабіла шматлікія замалёўкі народнага побыту. Многае затым пераносіла ў свае ілюстрацыі.
У яе была свая пазнавальная манера. Тонкае спалучэнне карычневых, жоўтых, ахрыстых, аранжавых, чырвоных колераў нагадвала сонечна-святочныя дні бабінага лета. Людзі, жывёлы, прырода – усё існуе на яе малюнках у непарушнай гармоніі.
Алена Лось была не толькі выдатнай мастачкай, але і таленавітай пісьменніцай. У 1984 годзе выйшла яе кніга “Дзесяць дзён у Барку” з ілюстрацыямі аўтара.
У апошнія гады жыцця любіла маляваць палявыя кветкі: “Гляджу на іх і быццам прамываю вочы і душу”, – казала мастачка.
Сярод яе шматлікіх узнагарод адной з самых любімых была прэмія імя Васіля Віткі.
Творы Алены Лось знаходзяцца ў музеях Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы.
Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК