Прыстаўныя галосныя
Сёння пазнаёмімся з прыстаўнымі галоснымі. Яны таму і называюцца прыстаўнымі, што ўнікаюць (“прыстаўляюцца”) напачатку слова. У якіх выпадках такое адбываецца і што гэта за галосныя? Іх дзве — А і І.
Прыстаўная галосная І пішацца ў пачатку слова перад спалучэннямі зычных з першай м: імшара, імчаць, імгла, імгненне, імклівы, а таксама напачатку слова перад спалучэннямі зычных з першымі р, л, калі слова з такімі спалучэннямі зычных пачынае новы сказ або стаіць пасля знака прыпынку ці папярэдняга слова, што заканчваецца на зычную: іржа, іржаць, ірдзенне, ірваць, іржышча.
Што датычыцца прыстаўной галоснай А, то яна з’яўляецца ў некаторых словах з гістарычным каранёвым О: імшара і амшара, іржаны і аржаны.
Памятайце таксама, што калі слова з такім пачатковым спалучэннем зычных стаіць пасля слова, якое заканчваецца на галосную і пасля яго няма знака прыпынку, то прыстаўная літара І не пішацца, напрыклад: Не чакай, што ржа з гадамі паесць ланцугі… (прыклад з верша Янкі Купалы).
Не пішуцца прыстаўныя літары І і А перад р, л, м пасля прыставак і першай часткі складанага слова, якія заканчваюцца на галосную літару: заржавець, заржаць, зардзецца.
Маргарыта ПРОХАР