Тайна прыгажосці
(П’еса-казка ў дзвюх сцэнках)
Дзейныя асобы: Казачнік, Дрывасек, Жонка Дрывасека, Прамень Радасці, Двулісцік, Вандроўнік, Тайна Прыгажосці.
Сцэна першая
Заслона. На сцэне з’яўляецца Казачнік.
КАЗАЧНІК. У тую пару, калі з дрэў ападае лісце, у аднаго Дрывасека нарадзіліся дзве дачкі. Першая была такая прыгожая, што Дрывасек адразу сказаў жонцы: “Гэта не дзяўчынка, а сапраўдны Прамень Радасці”. Так яе і назвалі. Другая дачка была дзіця як дзіця! Кірпаносенькая, з кругленькім тварам, з выразнымі бровамі. Яны нагадвалі тоненькія лісточкі. Дзяўчынку назвалі Двулісцік.
Казачнік пакідае сцэну. Заслона падымаецца. У невялікім пакоі – паліца з посудам. Пад ёю – мыйніца, побач некалькі шафак і іншыя рэчы хатняга ўжытку. Пасярод стаіць стол, застаўлены талеркамі. За сталом – Дрывасек, яго жонка, Прамень Радасці і Двулісцік. Прамень Радасці безупынна глядзіцца ў люстэрка.
ПРАМЕНЬ РАДАСЦІ. Я такая прыгожая! (Паварочваецца да бацькі.) Праўда я вельмі прыгожая?!
ДРЫВАСЕК (буркае). Так, ты вельмі прыгожая!
ПРАМЕНЬ РАДАСЦІ (раптоўна захныкала). Ы-ы-ы, дык чаму я не магу прымераць новую сукенку?
ЖОНКА ДРЫВАСЕКА (здзіўлена). Чаго ж ты не можаш яе прымераць?
ПРАМЕНЬ РАДАСЦІ (капрызліва). Бо ў маім пакоі няма вялікага люстэрка, каб я магла ўбачыць сябе ўсю ў новай сукенцы!
ДВУЛІСЦІК. Дык вялікае люстэрка вісіць у пярэднім пакоі.
ПРАМЕНЬ РАДАСЦІ. А калі хто чужы ў хату зойдзе і ўбачыць, як я кручуся перад люстэркам? Хачу, каб яно вісела ў маім пакоі! (Бразгае лыжкаю.) Татка! Перавесь вялікае люстэрка ў мой пакой! Не зробіш гэтага, есці не буду! (Зноў бразгае лыжкаю.)
Дрывасек выходзіць.
ЖОНКА ДРЫВАСЕКА. Ну, супакойся, дачушка. Я прашу цябе. Ты ж Прамень Радасці, ты павінна ўсіх нас толькі радаваць.
З’яўляецца Дрывасек з вялікім люстэркам.
ДРЫВАСЕК. Пойдзем, пакажаш, куды вешаць.
ПРАМЕНЬ РАДАСЦІ (хуценька падхапілася).Не крыўдуй, сястрычка. Ты застаешся без люстэрка. Але, калі захочаш у яго паглядзецца, зойдзеш да мяне (выходзіць разам з татам).
ДВУЛІСЦІК (да маці). З чаго сястра ўзяла, што я пакрыўдзілася? Татка паедзе на кірмаш, другое люстэрка купіць. Так, мамачка? ЖОНКА ДРЫВАСЕКА (думаючы пра нешта сваё). Так, дачушка…
Двулісцік прыбірае посуд. Чуецца стук. Уваходзіць Вандроўнік.
ВАНДРОЎНІК. Добры дзень у хату.
ЖОНКА ДРЫВАСЕКА і ДВУЛІСЦІК. Добры дзень, добры дзень!
ВАНДРОЎНІК. Эхе-хе, доўга я вандрую па белым свеце, стаміўся. Людзі сказалі, што ў вашым лесе крынічка з жывою вадою ёсць. Дык можа, гаспадар ваш пакажа дарогу да яе? Ці дома Дрывасек?
З сумежнага пакоя выходзіць Дрывасек.
ДРЫВАСЕК. Дома я, дома! Якраз у лес думаю пайсці, дык чаму б і не паказаць дарогу да той крынічкі вандроўнаму чалавеку! (Звяртаецца да жонкі.) Збяры што-небудзь перакусіць.
ДВУЛІСЦІК (да Вандроўніка). Пакуль бацька збіраецца, я вам гарбаты зраблю. У нас і пірог смачны ёсць.
ВАНДРОЎНІК. Не-не, дзякуй, мілая! Я гляджу, ты не толькі вельмі прыгожанькая, але ў цябе і сэрца добрае! (Да Дрывасека.) Шчаслівы ты чалавек! Такая дачушка слаўненькая ў цябе!
Дрывасек і Вандроўнік выходзяць.
Сцэна другая
З’яўляецца радасная Двулісцік.
ДВУЛІСЦІК (хоча адкрыць пакой сястры, але дзверы не адчыняюцца). Адчыні, Прамень Радасці. Да нас заходзіў Вандроўнік. Ён сказаў, што ў мяне добрае сэрца, і я вельмі прыгожанькая. Адчыні, сястрыца, хачу паглядзецца ў люстэрка.
ПРАМЕНЬ РАДАСЦІ (крычыць з-за дзвярэй). Вандроўнік пашкадаваў цябе, вось і сказаў, што ты прыгожанькая! Я прымяраю новую сукенку. Потым буду прымяраць усе астатнія. А ты, напэўна, яшчэ падлогу не падмяла?! Падмяцеш, тады, можа, і пушчу.
Двулісцік адыйшла. Узяла венік. Прысела на ўслончык і цяжка ўздыхнула. І тут жа пачуўся яшчэ адзін уздых, потым яшчэ і яшчэ.
ДВУЛІСЦІК (падхапілася). Хто тут? Хто?
ТАЙНА ПРЫГАЖОСЦІ (чуецца толькі голас). Я твая Тайна Прыгажосці. Жыву, дзякуючы тваёй працавітасці, увішнасці і добраму сэрцу. Я заўжды пры табе: дзе – ты, там і я!
ДВУЛІСЦІК. Мая Тайна Прыгажосці?
ТАЙНА ПРЫГАЖОСЦІ. Так-так, не здзіўляйся! Ты павінна ведаць, што ў кожнай дзяўчынцы жыве свая Тайна Прыгажосці, якую не заўсёды можна пабачыць у самым вялікім люстэрку.
Заслона.
Раіса Баравікова