Чаму бярозавік салодкі?
Дружба Белага Воблачка і Белай Бярозкі пачалася з даўніх часін. І хаця Белае Воблачка жыло на небе, а Белая Бярозка – на зямлі, былі яны неразлучныя.
Аднойчы Чорная Бура пазайздросціла іх сяброўству. Падзьмула з усяе сілы, ды так моцна, што ўсё неба засланіла чорнымі хмарамі, і Белае Воблачка перастала быць бачным. Яно пачало ліць горкія слёзы, якія капалі на зямлю дажджом, праліваліся ліўнем.
Бярозка таксама сумавала ў чаканні любімага сябра. Дзень за днём яна худзела і жаўцела.
Аднойчы Вецер, угледзеўшы смутак Белай Бярозкі, вырашыў адправіцца ў далёкае падарожжа, каб знайсці Белае Воблачка. Праз заслону хмар ён прарваўся ў нябесную далячынь і данёс да Белага Воблачка сумную вестачку. Набраўшыся адвагі, Белае Воблачка смела расштурхала хмары і ў хуткім часе дабралася да бярэзніка. Слёзы радасці, якія цёплымі ручаямі ліліся з Белага Воблачка, абмылі Белую Бярозку. Жыватворная вільгаць гэтых чысцюткіх слёз заструілася па карэннях усіх насельніц бярэзніка. Бярозкі ажылі, затрапяталі, паднялі галовы. Радасці Белай Бярозкі ад сустрэчы са сваім сябрам не было мяжы. З таго самага часу з-пад кары бярозкі струменіцца салодкі сок, як напамін пра любоў да слаўнага сябра.
Такая вось, дружа, гісторыя салодкага, як мёд, бярозавіка, які ты заўсёды п’еш з вялікай асалодай. А калі яшчэ не паспытаў яго, то абавязкова ўвесну прыйдзі ў бярэзнік. Кожная кропля салодкага соку надасць табе здароўя і сілы.
Райхан МАЖЭНКЫЗЫ
Пераклаў з казахскай мовы Алесь Карлюкевіч