Сонечная казка
Вераніка разважала пра дзяцінства. У школе іх папрасілі напісаць сачыненне пра знакамітага мастака. Дзяўчынка шмат разоў наведвала мастацкі музей, была ўдзельніцай цудоўнага праекта “Дзеці – у шэдэўрах мастацтва”. Шмат чытала пра мастакоў, іх працу. Бачыла дзяцей, намаляваных на палотнах. Разумела, якімі яны былі ў розныя гады, нават стагоддзі гісторыі чалавецтва. І раптам выдала маме:
– Кожны чалавек выйшаў з дзяцінства. Так і мастак Мікалай Багданаў-Бельскі, які нарадзіўся і вырас у вёсцы, любіў сваіх аднавяскоўцаў, маляваў іх.
– Так, – пагадзілася мама, – але шмат каму Багданаў-Бельскі вядомы як “вясковы мастак”. Не забывай, што аўтар яшчэ і славуты жывапісец, вучань Рэпіна.
– Я ведаю, мама, нам пра гэта распавядалі. Ён нарадзіўся ў сяле Шопатаве Смаленскай губерні. Пры хрышчэнні яго запісалі Багданавым, Богам дадзеным. А Бельскім ён стаў пасля, далучыўшы да прозвішча назву роднага мястэчка. Дзяцінства было складаным. Жылі яны з маці ў доме дзядзькі, дзе трымалі іх з літасці.
– А што табе яшчэ запомнілася з біяграфіі мастака? – пацікавілася мама.
– Першыя два гады ён правучыўся ў сяле Шопатаве. У школе выкладаў святар. Потым хлопчык трапіў да Рачынскага, прафесара біялогіі, багатага чалавека, які меў маёнтак. Ён пакінуў універсітэт і арганізаваў у вёсцы Тацэва Смаленскай губерні ўзорную народную школу. Прымаў на навучанне абяздоленых дзяцей. Каб трапіць у гэтую школу, Мікалаю давялося вытрымаць экзамен. Мікаля, як яго называў С. А. Рачынскі, павінен быў намаляваць аднаго з выкладчыкаў школы ў профіль. Прафесійныя мастакі ведаюць, што такое партрэт у профіль. Дамагчыся падобнасці, на першы погляд, лёгка, а аб’ём перадаць у гэтым выпадку заўсёды цяжэй, чым звычайна. Партрэт-малюнак атрымаўся цудоўным. Мікалая прынялі ў народную школу Рачынскага. Сам мастак часта казаў, што “…на дарогу мяне вывеў Рачынскі. Настаўнік жыцця. Я ўсім, усім яму абавязаны”. У 1889 годзе Багданаў-Бельскі атрымаў вялікі срэбны медаль за праграмную карціну “Будучы маннах” і званне класнага мастака. У сярэдзіне 90-х гадоў мастак займаўся ў Акадэміі мастацтваў у Рэпіна. Мікалай Багданаў-Бельскі за заслугі на мастацкай ніве абраны ў акадэмікі жывапісу. Яму тады было 35 гадоў, а ў 46 ён стаў членам Акадэміі мастацтваў. У 1903 годзе мастаку прысвоена званне акадэміка жывапісу. Пасля жыў у Латвіі. Калі ў 1928 годзе яму споўнілася 60 гадоў, прыйшло мноства віншавальных лістоў, тэлеграм. Рэпін даслаў свайму вучню ліст і парадаваўся яго поспехам. Жыццёвы шлях майстра абарваўся 19 лютага 1945 года ў Берліне, дзе ён і быў пахаваны на рускіх могілках.
– Вераніка, як ты ўсё гэта запомніла? – са здзіўленнем запыталася мама.
– Мне падабаецца яго жывапіс.
– Амаль на ўсіх яго палотнах прысутнічаюць дзеці. Я так разумею, што з мастаком для дамашняга задання ты вызначылася. А якую карціну будзем апісваць?
– Можа, “Новую казку”? Гэта адзін з самых знакамітых твораў Багданава-Бельскага. Палатно знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.
– Цудоўна, мне яна таксама падабаецца. Гэта карціна – вынік жыцця маладога мастака ў вёсцы. На палатне – дзеці, якія чытаюць казку. Яны жыва паказаны мастаком, прапісаны вельмі выразна. А якія твары, незабыўны бляск вачэй! З палатна нібы пырскае сонца.. Усё сагрэта любоўю і талентам мастака. Сам Багданаў-Бельскі быў сонечным чалавекам.
– “Сачыненне па карціне М.П. Багданава-Бельскага «Новая казка»”, так і напішам? – удакладніла Вераніка ў мамы. І працягнула:
– “Дзеці – самыя шчырыя і загадкавыя людзі. Яны могуць радавацца цёпламу сонечнаму дзяньку або сумаваць па дожджыку. Выказваць радасць і незадаволенасць, заўсёды казаць тое, што думаюць. Сваёй непасрэднасцю яны падкупілі і Багданава-Бельскага. Карціна “Новая казка” паказвае нам простых сялянскіх дзяцей, якія сядзяць на падлозе. Тры хлопчыкі і дзяўчынка зручна размясціліся і слухаюць цікавую казку, якую чытае іх сябар. Ён сядзіць да нас напаўпаварота. Яго твар засяроджаны на чытанні, бачна ўсмешка і зацікаўленасць. Ён у светлай кашулі і сініх штанах, як і хлопчык, што слухае лежачы. Трэці хлопчык апрануты ў чырвоную кашулю, а на дзяўчынцы сарафан і хустка. Вакол дзяцей раскіданыя кнігі, салома і анучы. У пакоі непрыбрана, але дзеці не звяртаюць на гэта ўвагу. Яны вельмі захопленыя казкай. І кот, які ляжыць на кнігах, задрамаў пад голас чытача. У дзвярах стаіць цяля. Яно натапырыла вушы і вельмі ўважліва сочыць за дзецьмі. У левым куце – ложак. На ім ляжаць пакрывалы, розныя рэчы. Побач – перакуленае вядро. Хутчэй за ўсё, дзеці гулялі і ўсё раскідалі. Уражанне ад карціны прыемнае і светлае. Пакуль свеціць сонца, зелянее трава, пакуль з’яўляюцца ўсмешкі на тварах дзяцей, карціны Мікалая Багданава-Бельскага будуць неабходныя…”
– Думаю, Вераніка, што варта дадаць некалькі слоў з біяграфіі мастака, якую ты мне распавяла раней. А закончыць можна інфармацыяй, што палотны Мікалая Багданава-Бельскага знаходзяцца і ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, і ў Дзяржаўнай Траццякоўскай галярэі, і ў Дзяржаўным Рускім музеі. Яго выдатныя працы прадстаўлены на самых буйных сусветных аўкцыёнах “Крысці” і “Сотбіс”. Яго творы папулярныя і сёння. А мы працягваем радавацца той казцы, якую стварыў дзівосны мастак Мікалай Пятровіч Багданаў-Бельскі.
Анастасія РАДЗІКЕВІЧ