Усе фарбы “Вясёлкі”
Яўген ЛАРЧАНКА (1946 – 2006) – выдатны беларускі графік, мультыплікатар. Лаўрэат прэміі імя Васіля Віткі.
Пасля прагляду анімацыйных фільмаў Яна Шванкмайера захацеў ствараць мультфільмы і дамогся свайго: “Дудка-весялушка” (1978), “Несцерка” (1980), “Дзед і журавель” (1983) – сталі класікай айчыннай мультыплікацыі.
Любоў да дзіцячай літаратуры засталася ў Яўгена Ларчанкі на ўсё жыццё. Дзень, калі выходзілі ў свет новыя творы Васіля Віткі, Артура Вольскага, Івана Муравейкі былі для мастака святочнымі. “Наш свет выратуе толькі казка!” – любіў паўтараць Яўген Аляксеевіч. Таму зусім не дзіўна, што менавіта гэты светлы чалавек стаў на доўгі час мастацкім рэдактарам нашага часопіса. Дзякуючы яго таленту, уменню знаходзіць і гуртаваць вакол “Вясёлкі” лепшых ілюстратараў, кожны нумар быў эстэтычна непаўторны.
Малюнкі Яўгена Ларчанкі па сваёй дынаміцы, дэкаратыўнай кідкасці жоўтых, сініх, чырвоных фарбаў, рытміцы нагадваюць вясёлы народны танец. Нездарма, калі Яўген Аляксеевіч маляваў, то любіў слухаць Полечку альбо Лявоніху.
Ён быў не толькі выдатным творцам, але і цудоўным арганізатарам. У садках, школах і бібліятэках ладзіў выставы, прысвечаныя “Вясёлцы”, адкрываў мастацкія таленты сярод дзяцей.
– Я люблю дзіцячыя малюнкі, – казаў ён. – Часам яны мяне натхняюць больш, чым карціны прызнаных мэтраў.
Яўген Ларчанка не баяўся вучыцца ў дзяцей. Менавіта таму творы мастака маюць такую непасрэднасць і жывасць. А энергія радасці адчуваецца кожны раз, калі бярэш “Вясёлку” ў ягоным афармленні.
Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК