Хвілінкі-весялінкі
Кандрат КРАПІВА
Бабкі
Розных бабак шмат на свеце.
Тры з іх добра я прыкмеціў:
Біў адну я малатком,
Еў другую з малаком,
А трэцяя бабка –
Карэньчык ды шапка.
Анатоль ЗЭКАЎ
У Надзейкі зуб баліць –
То ж такое горачка.
Мо арэшак раскусіць
Папрасіць вавёрачку?
Васіль ЗУЁНАК
Што за акно?
Чарадзейнае акно:
То канцэрты, то кіно,
То вясёлыя сюрпрызы, –
Адкрывае…
Алесь КАМАРОЎСКІ
Гульня
Брат кажа сястрычцы:
– Давай гуляць у заапарк.
– А як?
– Слухай: я малпай буду, а ты прынясеш мне бананы.
Леанід ДАЙНЕКА
Адвароткі
Не сядзі, раскрыўшы рот,
А чытай наадварот.
Што за звон? Што за шум?
Гэта лётаюць іхум.
Будзеш панам і тузом,
Калі маеш мудры гзом.
Не, не змог бы я без вас
Нават дзень пражыць, ырбяс.
Робіць шмат карысных прац
Галасісты наш кінгяц.
Я ад сораму гару,
Як не вывучу кору.
Выбіваўся зайчык з сіл,
Гналася за ім асіл.
Дык шануйце край свой, хлеб,
Суралеб, аксуралеб!
Уладзімір МАЗГО
Шарады
Якія трэба
Ўзяць дзве ноты,
Каб атрымаць
У суме потым,
Нібы мелодыю нябёс,
Сінонім
Слову “лёс”? (до+ля)
Займеннік
Плюс час сутак –
І атрымаеш хутка
Замест адказу
Адзінку часу. (Ты+дзень)
Слова-дрэва –
Першы склад.
Слова-кіпень –
Акурат
Гэта будзе
Склад другі.
Іх складзі,
Мой дарагі, –
Атрымаюць
вучні
Першы свой
Падручнік. (Бук+вар)
Валерый ГРЫБ
Верабейка сеў ля хаты
Ды з катом пусціўся ў жарты:
– Чык-чырык,
Чык-чырык, –
Я баяцца не прывык!..
Уцякае ад ката
Верабейка
Без хваста.
Уладзімір Мацвеенка
Загадка
Ля варот
Чатыры кошкі –
Вунь, катаюцца
Клубком.
Палічы
У кошак ножкі,
А пасля
Падумай трошкі,
Праз якія дзверы
Кошкі
Забягуць хутчэй
У дом?
(У кошак не ножкі, а лапкі. У чатырох кошак – 16 лапак. У дом забягуць праз адчыненыя дзверы.)