Вершы Сяргея Грахоўскага
Тараканы збеглі ў Каны
У французскі горад Каны
Перабеглі тараканы,
Бо яны даўным-даўно
Ўсе аматары кіно.
I, адолеўшы нагрузку,
Заспявалі па-французску.
Тараканы адкрывалі
Конкурсы і фестывалі.
Клопат быў у іх адзіны:
Фестывальныя карціны
Паглядзець усе старанна
На другім баку экрана.
Без прагулаў і падману,
Без абеду тараканы
Засядалі да зары
Разам з членамі журы.
Але тыя мала значаць,
Таракан рашыў адзначыць
Фільм вядомага Хрушча
3 назвай “Та-ра-ка-ні-шча”.
Красавік
На лугі і ў пералескі
Красавік прынёс пралескі,
I, схіліўшы галаву,
Разбудзіў ён сон траву:
“Ты галоўку не хіні,
У званочак зазвіні,
Каб прачнуўся зверабой
I рамонак пад вярбой,
Каб надзелі свой убор
Медуніца і чабор,
Каб хутчэй каля крыніцы
Расцвілі усе суніцы,
Каб прачнулася пчала,
I чаромха расцвіла,
I шыпшына, і крушына,
I над рэчкай чарамшына,
Каб раскрыла вочкі хутка
На ўзбярэжжы незабудка,
Каб, збудзіўшыся ад сну,
Сустракалі ўсе вясну”.
Піяністка
Просіць Маша несупынна,
Каб купілі піяніна.
– Хочаш музыцы вучыцца,
Піяністкай быць у нас?
– Не, на зэдліку круціцца, –
Кажа Маша ў адказ.