Прыгоды пацучкоў Фэліка і Ларыскі
Пацучкі Фэлік і Ларыска вельмі любяць падарожнічаць. Але не пехатой, не! Яны забіраюцца пад капот упадабанай машыны – і ездзяць.
На якіх толькі аўтамабілях пацучкі не каталіся. І ўсё было б добра, каб не вечна сярдзітыя людзі! Часам Фэліку і Ларысцы даводзілася правады ў рухавіках пагрызці. Што тут такога? А людзі – крычаць, ганьбяць пацукоў…
Пацукі, між іншым, вельмі разумныя! Вось хоць бы сабе Фэлік і Ларыска: застрахавалі сваё жыццё ў “Супрацькатэ” – і нічога не баяцца.
– Ларыска, – сказаў аднойчы Фэлік, – трэба людзей выхоўваць! За што яны так нас? Павінна ж быць справядлівасць!
Выхаванне вырашылі пачаць з кіроўцы джыпа, на якім падарожнічалі ўпершыню. Калі яе аўто прыпаркавалася ў двары, пацучкі шмыгнулі ў кватэру ўслед за нагамі на высокіх абцасах. Скок-скок – і, ускараскаўшыся наверх, затаіліся ў акенцы вентыляцыйнага люка.
Гаспадыня пайшла на кухню гатаваць. Спачатку да яе прыбеглі дзеці і заенчылі:
– Мама! Дай цукерку! Дай пячэньку!
– Чакайце! – строгім голасам адказала мама. – Колькі разоў гаварыла вам: салодкае нашча нельга. Паясцё – тады.
– А ці хутка вячэра? – з’явіўся на кухні і гаспадар. Ён падыйшоў да пліты і дзелавіта стаў прыўзнімаць накрыўкі на рондалях.
Але там было пуста. Да здзіўлення Фэліка і Ларыскі, гэта раззлавала не гаспадара, а гаспадыню.
Яна сярдзіта бразнула патэльняй.
– Слухай, родны, мы ў хату амаль што разам зайшлі. Ты з дзецьмі – нават крыху раней. Дайце мне хоць колькі хвілінаў! – казала яна ўгневана мужу, які ціхенька зачыняў за сабой кухонныя дзверы.
Пасля гаспадыня ўздыхнула і аберуч узялася за галаву:
– Ажно галава разбалелася.
Яна прысела на крэсла і паглядзела ў бок вентыляцыйнага акенца, дзе схаваліся пацучкі.
“Час прыспеў!” – вырашыў Фэлік і вылез са схованкі. На ўсялякі выпадак ён дастаў белую хустачку – знак мірных намераў – і замахаў. Да ўсяго, Фэлік прыязна ўсміхаўся, ды так шырока, што яго востранькія зубкі былі бачныя гаспадыні ўсе як адзін. Але ў жанчыны толькі акругліліся вочы. Яна моўчкі хапала ротам паветра.
Фэлік вырашыў, што гаспадыня не можа падабраць патрэбных слоў для прывітання. Ён свіснуў Ларысцы.
Ларыска, уся ў завушнічках, з валасамі, фарбаванымі ў зялёны колер, імгненна паўстала побач з Фэлікам.
– А-а-а-і-і-і! –завішчала гаспадыня і ўскочыла на стол.
Крычала яна так жудасна, што напалохала не толькі пацучкоў. Прыбег гаспадар, за ім дзеці. Яны няўцямна глядзелі на жанчыну, а тая аніяк не магла супакоіцца.
– Пацукі! – урэшце выціснула з сябе яна. – Адзін з хустачкай, другі зялёны!
– Дарагая! – лагодна сказаў муж, здымаючы гаспадыню са стала. – Ад той пары, як пацук перагрыз правады ў тваёй машыне, табе яны ўсюды мрояцца! Цяпер ужо зялёныя і з хустачкай!
І гаспадар, стаўшы на крэсла, зазірнуў у вентыляцыйнае акенца.
Ага, будуць яго чакаць Ларыска з Фэлікам! Яны зашыліся так, што іх не відаць.
– Нікога там няма! Ты проста стомленая. Колькі разоў я казаў, што ты сябе зусім не беражэш. Заўтра ж едзем на мора!
– Ура! На мора! – закрычалі дзеці і пабеглі збіраць заплечнікі.
Гаспадар сам прыгатаваў вячэру, пакуль гаспадыня адпачывала.
Яна некалькі разоў памерала сабе тэмпературу, ціск, пульс і нават узважылася. Апошняя працэдура засмуціла яе больш за ўсё.
– Няўжо і праўда ў мяне фобія пачалася, пацукі ўсюды мрояцца? – мармытала яна. – І кілаграмаў лішніх набрала. Не, муж кажа праўду. Трэба адпачыць. На мора!
За вячэрай шмат размоў было пра будучую паездку. І не толькі! Добра, што Фэлік і Ларыска не збеглі. Седзячы ў сваёй схованцы, яны ўсё выдатна чулі.
– Дарагая! – сказаў гаспадар. – Каб табе спакайней жылося па вяртанні, выклічам санэпідэмстанцыю. Няхай патруцяць пацукоў у доме!
Вось жа падлючыя гэтыя людзі! Пачуўшы такое, пацучкі тут жа шуснулі ў сутарэнні, каб папярэдзіць пра небяспеку. Суродзічы вельмі дзякавалі і абяцалі быць пільнымі.
Пасля гэтага ў Фэліка і Ларыскі нарадзіўся план: паехаць разам з сям’ёй на мора, каб прадоўжыць змаганне за справядлівасць. Ціхутка забраліся ў гаспадарскія валізы – і затаіліся.
Назаўтра пацучкоў разам з гаспадаром, гаспадыняй і іх дзецьмі цягнік павёз да мора.
Шчаслівай дарогі!
Алена МАСЛА