Бегемоцік
Пасярод дрымотных вод
жыў дзядуля-бегемот
і пад сонцам афрыканскім
грэў то спіну, то жывот.
У разважлівага дзеда
быў унучак-непаседа.
Ведаць трэба ўсё яму:
– Як?
– Адкуль?
– Куды?
– Чаму?
Не ў дакуку,
а ў навуку
гаварыў дзядуля ўнуку:
– Маем тут мы ўсё, што трэба.
Ёсць вада, зямля і неба.
Дык жыві, як жыў твой дзед,
не цягайся ў белы свет,
а жыруй сабе ў трысці
ды расці,
расці,
расці.
Так з цябе –
праз колькі год –
будзе сталы бегемот.
Але ўнучак-бегемоцік
пазяхаў на поўны роцік.
Ён ад дзедавых парад
уцячы быў тут жа рад,
бо даўно гарэза марыў
зазірнуць за далягляд.
Як там,
хто там,
дзе там,
што там, –
ён усім раскажа потым:
і маленькім,
і сярэднім,
і дарослым бегемотам.
Уначы, калі паснулі
ўсе бабулі і дзядулі,
калі зоркі ў цёмнай ціне,
як у хмары,
патанулі,
бегемоцік –
вось які! –
ціха выбраўся з ракі
і падаўся без дазволу
ў свет шырокі напрасткі.
Колькі ён спаткаў на волі
дзіваў розных і прыгод,
не дазнаецца ніколі
аніводзін бегемот.
Бо жыве былы гарэза
ў ванне,
зробленай з жалеза.
Тут яго частуюць ежай
самай смачнай,
самай свежай.
А наўкол гудзе народ:
– Колькі ўлезе
ў гэткі рот?!.
І зусім няўцям нікому,
што сумуе бегемот.
Дзе блакіт,
што цешыў вока?
Дзе ўзбярэжак у трысці?
Ах, як Афрыка далёка –
не дайсці,
не дабрысці!
Там,
сярод
дрымотных вод,
вось ужо каторы год
слёзы горкія па ўнуку
лье старэнькі бегемот:
– Ах, навошта,
мой харошы,
ты рабіў наадварот?!
Артур ВОЛЬСКІ