Вершы Анатоля Грачанікава
Як добра…
Як добра, што ёсць яшчэ гэта на свеце:
Дожджык сонечны ловяць дзеці,
Зводдаль порсткія кураняткі
Выбягаюць з-пад крылля маткі.
Як добра, што ёсць яшчэ гэта на свеце:
Гром паблажэла рохкае недзе,
І хлопчык, абпырсканы, весела едзе
Па лужынах цёплых на веласіпедзе.
Дзеці будуюць горад
На прырэчнай касе пясчанай
Вырастае дзіцячы горад,
Вырастае вялізны горад
На прырэчнай касе пясчанай.
Замкі, плошчы, палацы, паркі,
Пераходы, тунелі, аркі,
Вежы, вокны, двары, байніцы –
Рупна робяцца да драбніцы.
Спортпляцоўкі, басейны, дамы,
І нідзе не відаць турмы.
На прырэчнай касе пясчанай
Вырастае дзівосны горад,
І шчасліва смяюцца дзеці,
Завіхаюцца і спяшаць
Гэты горад дабудаваць,
Пакуль не зайшло яшчэ сонца,
І хмары грымотныя спяць,
І рэйсавы цеплаход не прайшоў,
І ніхто іх не кліча дамоў.
Анатоль ГРАЧАНІКАЎ (8 верасня 1938 – 7 сакавіка 1991) – беларускі паэт і перакладчык. Трэці рэактар часопіса “Вясёлка” (1976 – 1978). Аўтар класічных дзіцячых зборнікаў кніжак для дзяцей “Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара” (1980), “Валерка і лятаючая талерка” (1983), “Жывая вада” (казкі, 1985), “Зорны палёт” (1988).