Мая Беларусь (працяг)
Аповесць-споведзь
У маёй Беларусі
прапісалася нябесная Вясёлка.
Аранжавы колер у сонцы над намі.
Чырвоны – у сэрцах беларусаў.
Блакітны – у азёрах, рэках, нашых вачах.
Зялёны – у пушчах, дубровах, нівах.
Фіялетавы – у кветніках, вышыванках.
Жоўты – у золаце нашай дабрыні.
Сіні – у льняных палетках.
А ва ўсіх сем’ях, дзе ёсць дзеці,
жыве “Вясёлка”– сяброўка,
якая нястомна і творча
вучыць сваіх чытачоў
любіць Беларусь.
Нябесная Вясёлка-падкоўка
ззяе на радасць беларусаў.
Зямная, прыродная Вясёлка,
услаўляй наш край і людзей.
Дзіцячая “Вясёлка”-школка
ўздымае нашчадкаў на арбіту жыцця.
Дык беражыма з веку ў век
сем колераў сонечнай Вясёлкі!
***
Маладзічок над маёй Беларуссю
Спадзеўна ўзіраецца ў нашу яву.
І што ён бачыць?
Падчупораныя, як на Вялікдзень,
гарады векавыя і новыя.
Старыя сялянскія падворкі
перадаюць візу ў жыццё
вясёлкавым аграгарадкам,
якія летнімі каласавічкамі
ўпрыгожылі маладую Беларусь.
Нябесны маладзічок бачыць
адноўлены замак Радзівілаў,
неўміручую Брэсцкую крэпасць,
векапомнае Буйніцкае поле,
вялікіх Беларусаў у бронзе…
Цешыцца маладзічок
і з сваёй троннай вышыні
пачынае спяваць калыханку
яснавокім беларусам:
“Спіце спакойна і соладка,
вяльможныя нашчадкі,
налівайцеся сілай волатаўскай,
назапашвайце мускулаў
духоўных ды фізічных,
бо і вам, даражэнькія,
хопіць клопатаў на ваш век.
Люлі-люлі,
беражыце матулю,
вашу слаўную ў свеце
яснавокую Беларусь”.
***
Вёсачка Шоўкавічы на Палессі –
божы куточак Беларусі.
Тут мяне люляла Мама.
Калыханку спявалі вятры і птушкі.
Узоры на вокнах малявалі маразы.
Агонь у печы дарыў цяпло.
Лугавыя дываны запрашалі адпачыць.
Воблакі над хатай запрашалі ў вандроўку.
Начныя зоры вабілі да чараў.
Дуб на агародзе вучыў слухаць цішыню.
Гаючыя росы бадзёрылі ногі.
Сівыя туманы гарнулі да мрояў.
Салаўі ў лазняку пеставалі душу.
Буслы ў буслянцы клекаталі пра каханне.
Певень на седале абвяшчаў ранак.
У сажалцы са мной купалася сонца…
Усе цуды свету
сабраліся ў маіх Шоўкавічах.
Яны выхавалі мяне,
запусцілі ў сэрца веру,
што даражэйшая тая мясціна,
якая цябе радзіла.
Дык вось жа чаму,
у думках і снах,
я кожны дзянёчак
залятаю ў мае Шоўкавічы.
Хачу, жадаю,
каб маю пупавінную вёсачку
ведалі, помнілі і любілі
мае нашчадкі.
І хай у кожнай сям’і Беларусаў
шануюць сваю малую радзіму!
Уладзімір ЛІПСКІ