Першая песенька
Вялікі тэатральны рэжысёр Канстанцін Станіслаўскі сказаў: “Творца да канца дзён сваіх застаецца вялікім дзіцем, а калі ён губляе дзіцячую непасрэднасць – ён ужо не творца”. Гэта было любімае выказванне Веранікі, якая спяшалася ў Нацыянальны мастацкі музей. Ёй карцела прачытаць свой даклад. А яшчэ хацелася паслухаць пра мастакоў і карціны, якія выбралі яе сябры. У музеі дзяцей ужо даўно чакалі. Супрацоўніца “Вясёлкі” Карына Аляксандраўна расказала, што у красавіку выданню спаўняецца 60 гадоў. Першым галоўным рэдактарам часопіса быў Васіль Вітка. Зараз кіруе Уладзімір Ліпскі. Марыя Іванаўна, якая праводзіць заняткі сумеснага праекта “Вясёлкі” і Нацыянальнага мастацкага музея “Дзеці – ў шэдэўрах мастацтва”, прапанавала пагаварыць пра карціну вядомага беларускага мастака Антона Бархаткова “Першая песенька”. Яна напісана тады ж, калі ўзнікла і “Вясёлка”, у 1957 годзе.
Марыя Іванаўна падвяла ўсіх да карціны:
– Гэтае палатно прасякнута адчуваннем жыццёвай радасці. Дзяўчынка вучыцца іграць на піяніна. Мастак любуецца мяккасцю рухаў стараннай вучаніцы. Фігуры дзяўчынкі і настаўніцы ўтвараюць амаль правільны авал, што надае карціне яшчэ большую гармонію. Твор напоўнены паветрам, святлом вясновага дня. Самую сімвалічную дэталь, напэўна, заўважыць кожны: ножкі дзяўчынкі не дастаюць ні да падлогі, ні да педаляў інструмента. А што яшчэ можна расказаць пра карціну?
Да размовы падключылася Карына Аляксандраўна:
– Многія выдатныя музыканты 17-18 стагоддзя, такія як Бах, Моцарт, Вівальдзі, Гайдн пісалі спецыяльныя творы для выканання дзецьмі. Можна прыгадаць “Клавірную кніжачку” Баха, санаты для струннага ансамбля Вівальдзі, “Практыкаванні для клавесіна” Скарлаці. Кампазітары стваралі дзесяціхвілінныя “сімфоніі-мініяцюры”, у якіх дзеці іграюць на цацачных інструментах і свістульках, а дарослыя – на прафесійных інструментах. Музычная дзейнасць часта рабілася сямейнай прафесіяй. Як вядома, Вольфганг Амадэй Моцарт з шасці гадоў гастраляваў па краінах Еўропы са сваёй сям’ёй. Да нашых дзён дайшла гравюра на якой намаляваны маленькі Вольфганг, які іграе на клавесіне. На хлопчыку касцюм дарослага крою, парык. Вялікае крэсла, на якім сядзіць юны віртуоз, а таксама памеры музычнага інструмента, падкрэсліваюць узрост выканаўцы. Побач намаляваны са скрыпкай бацька, Леапольд Моцарт. Ён быў першым педагогам Вольфганга. Дапаўняе сямейны ансамбль сястра.
– Дзякуй вам, спадарыня Карына, зараз мы глыбей разумеем тэму карціны. А цяпер давайце крыху пагаворым пра самога аўтара, вядомага беларускага мастака, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Антона Стафанавіча Бархаткова. Аляксандра, – звярнулася Марыя Іванаўна да аднакурсніцы Веранікі, – раскажы нам, калі ласка, пра гэтага творцу.
– Антон Бархаткоў нарадзіўся ў 1917 годзе, у вёсцы Шчаглоўка на Магілёўшчыне, пражыў 84 гады. Пісаў тэматычныя карціны, партрэты, нацюрморты, але праславіўся як пейзажыст. Пабываўшы першы раз у музеі, Бархаткоў вырашыў паступаць у Маскоўскае дзяржаўнае акадэмічнае мастацкае вучылішча. Скончыў вучэнне перад самай вайной, пасля чаго вярнуўся дадому, на Беларусь. Яго настаўнікамі былі вядомыя мастакі Пётр Пятровічаў, Мікалай Крымаў. (по тексту кажется, что он еще студентом познакомился с Бирулей, однако потом мы узнаем, что знакомство случилось после войны. Возможно, стоит перенести абзац немного дальше).
Вялікая Айчынная вайна заспела Антона Стафанавіча пад Рагачовам, дзе ён трапіў у акружэнне. Некаторых людзей выпускалі, давалі спецыяльныя дакументы. Мастак падрабіў паперы і апынуўся на волі. Пэўны час туляўся па вёсках. Каб не загінуць ад голаду, маляваў партрэты простых людзей. Неўзабаве ён становіцца членам партызанскага атрада “За Савецкую Беларусь”. Пад кіраўніцтвам Аляксея Фёдарава, які стаў пасля двойчы Героем Савецкага Саюзу, удзельнічаў у аперацыях партызанскага злучэння. Пасля перамогі мастак пераехаў у Мінск. Працаваў загадчыкам мастацкага аддзела ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Прымаў удзел у арганізацыі і правядзенні першай выстаўкі мастацтва Беларусі ў Маскве, прысвечанай 25-годдзю стварэння БССР. Там ён пазнаёміўся з вялікім беларускім жывапісцам Вітольдам Бялыніцкім-Біруляй, якога лічыў сваім самым галоўным настаўнікам: “Больш за ўсё я вучыўся ў Вітольда Каэтанавіча. Амаль кожны дзень прыходзіў у яго майстэрню. А ў летнія месяцы мы разам ездзілі па Беларусі пісаць эцюды”. Невыпадкова ў творчай спадчыне Бархаткова ёсць два партрэты вядомага мастака, напісаныя ў 1945 і 1946 гадах. Старэйшы сын Антона Стафанавіча быў названы Вітольдам у гонар дарагога настаўніка, які стаў яго хросным бацькам. Экспазіцыя выстаўкі паклала пачатак новай калекцыі спустошанага ў вайну Беларускага дзяржаўнага мастацкага музея. Праз некалькі гадоў Антон Бархаткоў паступіў у Маскоўскі мастацкі інстытут імя В.І. Сурыкава.
Антон Стафанавіч Бархаткоў – адзін з самых яркіх, творча адметных жывапісцаў, са сваёй непаўторнай нотай.
Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Цвярской карціннай галерэі, музеі імя Масленікава ў Магілёве, у музеях Гродна, Гомеля, Бялынічаў, Касцюковічаў, у Траццякоўскай галерэі ў Маскве, а таксама ў прыватных калекцыях у Бельгіі, Галандыі і іншых краінах, — закончыла свой цікавы аповед дзяўчынка.
– Дзякуй, Аляксандра. Ведаеце, Бархаткоў не пісаў карціны пра вайну. Шмат пра яе расказваў, але ствараць ваенныя палотны не мог. Многія беларускія мастакі, якія вярнуліся з вайны, не маглі маляваць творы, ёй прысвечаныя. Сонца, сады, якія квітнеюць, шчаслівыя дзеці – вось што іх натхняла. Хай такім светлым і пранікнёным будзе ваша першае знаёмства з мастаком Антонам Бархатковым.
Анастасія РАДЗІКЕВІЧ