Крыляюць, поўзаюць ды скачуць
ПЧАЛА
Хоць і маленькая пчала,
Ды вёдры мёду здабыла.
Адкуль зайздросны ў працы плён?
Сябровак мае – аж мільён!
МУРАШ
У цёплай хатцы ад завей
Мураш схаваўся як глыбей.
Ды зноў пад сонейкам вясны
Шчыруе, санітар лясны.
КАРОЎКА-БАГОЎКА
Чырвонакрылая багоўка
Тлі зялёнай – не сяброўка.
Зноў ляціць у майскі сад,
Дзе праводзіць медагляд.
ШАЎКАПРАД
Чалавеку шаўкапрад
Паслужыць заўжды быў рад.
Стомы век які не знае:
Чалавецтва апранае!
ЧМЕЛЬ
Як паблізу чмель бухматы –
Паспявай уносіць пяты!
Хопіць нават і хвіліны,
Каб запомніць “мёд” чмяліны!
СТРАКАЗА
Без стракатай страказы
Ранак згас бы ў тры разы.
Над рагозам як крыляе!
Промняў ранку дабаўляе!
АВАДЗЕНЬ
У спякотны самы дзень
Кружыць злоснік авадзень.
Ён і коней, і кароў
Джыгануць ураз гатоў.
КАЛАРАДСКІ ЖУК
Жук заморскі – каларад –
Беларускай бульбе рад.
За Калумбам праз вякі
Ён да нас дапяў такі!
АПАРЫШ
Хоць нам муха не таварыш,
Ды сынок яе, апарыш,
Даспадобы рыбаку.
Як трапеча на кручку!
ХРУШЧ
Адвячоркам хрушч крылаты
Ў вішняку гудзе ля хаты.
Ў дзённай майскай цеплыні
Спіць, закованы ў брані.
ПАВУК
Сеткаплёт шчырун-павук
Брыдкім мухам не сябрук.
Мае талент вельмі рэдкі:
Выплятае пасткі-сеткі.
АСА
Там, дзе варыцца варэнне,
Кружыць грознае стварэнне –
Гэтак зумкае-гудзе,
Аж па целе спуд ідзе!
КАРАЕД
Пад карой сасны старой
Караедаў – цэлы рой.
Там дзюбаты дзяцел зранку
Прыступае да сняданку.
КАМАР
І піскун ён, і званар,
Непрыкметлівы камар.
Ціха ўсядзецца, укусіць –
Лупануць па лбе прымусіць!
КОНІК
У траве стракоча конік,
Зазірае зранку ў соннік.
Сон прысніўся коніку:
Сыр на падаконніку!
БУСЯ І МАТЫЛЁК
Сінякрылы матылёк
На плячо да Бусі – скок!
І лавіць не трэба.
Як шматочак неба!
Мікола Мятліцкі