Студэнцтва Скарыны
Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга (старонкі, эпізоды з аповесці)
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Які быў асаблівы звычай у тагачаснай польскай сталіцы?
У Кракаве (які ў часы Скарыны быў сталіцай Польшчы) нельга было забіць ката ці сабаку. Вінаваты павінен заплаціць грошы або пацалаваць забітую жывёліну.
Ці мог Францішак узяць з сабою з Полацка зброю?
Не. У правілах бурсы быў пункт, паводле якога студэнты развітваліся са зброяй. Асабліва гэта не падабалася нямецкім студэнтам, якія, уздыхалі аб Падуанскім універсітэце. Там, на заняткі можна было прыходзіць са шпагаю.
Што такое “абтрэсіны”?
“Абтрэсіны” – спецыяльны абрад, праз які праходзіў кожны першакурснік. Падчас “абтрэсін” навічок абтрасаўся ад свайго малалецтва, “жаўтадзюбасці”.
Як праходзілі заняткі ва ўніверсітэце?
Выкладчык, узышоўшы на кафедру і разгарнуўшы кнігу, чытаў, дзе-нідзе спыняючыся, каб растлумачыць асобныя мясціны. Студэнты ўважліва слухалі, седзячы на лавах або проста на падлозе, на саломе.
Якія веды давалі выкладчыкі?
Усе веды дзялілі на мастацтва і навукі. Да навук адносілі багаслоўе, права, медыцыну. А мастацтваў (вызваленых навук), было сем: граматыка, рыторыка, дыялектыка, арыфметыка, геаметрыя, музыка і астраномія.
У дзяцінстве Скарына выразаў з дрэва сваю першую пячатку.
Сёння гэта зрабіць куды прасцей.
1) Табе спатрэбіцца: крышка ад любога напою, пластылін, аловак, фарбы, ватныя дыскі.
2) Запоўні пластылінам крышку да самага краю. Прасачы, каб паверхня пластыліна была роўная. Прадрапай любую выяву.
3) Напоўні фарбай ватны дыск.
4) Абмакні пячатку ў фарбу і можаш рабіць адбітак.
5) Карыстайся іншымі колерамі.
Анатоль КЛЫШКА