Вершы на памяць
У гэтым месяцы любімаму часопісу беларускіх дзетак “Вясёлцы” – 60 гадоў. “Буся” далучаецца да святкавання!
Сонечнасці! Радасці! Заўсёднай вясны!
Мікола ХВЕДАРОВІЧ
Красавік
На мокрых вербалозах
Гракоў вясёлы крык.
Без ветру і марозу
Прыходзіць красавік.
Пятро ПРЫХОДЗЬКА
Вясна
Няма, відаць, у цэлым свеце
Пары святлейшай ад вясны.
Усюды вее свежы вецер,
Зямныя абуджае сны.
Адам РУСАК
Птушыны хор
У птушыным зводным хоры –
Пералівы,
Пераборы!
Так пяе птушыны хор,
Аж звініць зарэчны бор!
Авяр’ян ДЗЕРУЖЫНСКІ
Сонейка
Сонейка стамілася,
За лясок скацілася,
Спачываць прылегла ціха
Побач з шэраю зайчыхай.
Таццяна МУШЫНСКАЯ
Сінічка
Жвавая сінічка
Пад маім акном
Ценькае гарэзна,
Скача зноў і зноў.
І спявае птушка,
І звініць ручай,
Што вясна ўжо блізка, –
Дык выходзь, страчай!