Таямніцы нашага садка
Гісторыя першая: Чах-чахі
– Мама казала, што ты ізноў у садку пабіўся, Кацярынцы жука ў суп укінуў? Эх, не варта табе, сынку, расказваць казку, але ўсё ж паслухай. Ці чуў ты пра Чах-чахаў? Не? А яны ж пра цябе ведаюць. Чах-чахі побач. Азірніся! Не ўбачыў? Я з імі, калі быў маленькім, блізка пазнаёміўся… Здарылася гэта ў дзіцячым садку. У тым самым, куды ходзіш і ты.
Рос я вельмі непаслухмяным. Адбіраў цацкі, дражніўся, шчыпаўся. Асабліва чапляўся да Веранікі.
Святкавалі аднаго разу ў садку яе дзень нараджэння. Падарылі прыгожы касцюм феі з чароўнай палачкай і плюшавую панду. Імянінніца запляскала ў ладкі: «Якая ты мілая! Назаву цябе Боня! Будзеш абараняць ад Васіля!» – і ў мой бок паказала. Націснула на панду, тая пачала рыкаць. Усе засмяяліся. Зайшла выхавацелька: «Час адпачынку! Давайце спаць!»
– Хай толькі ўсе заснуць! Падкрадуся і забяру Боню! – вырашыў я. Заплюшчыў вочы, уявіў, як Вераніка шукае, плача…
– Чах… чаххх.. Чах…чаххх…
Што за дзіўныя гукі? Азірнуўся. Усе спяць. Мабыць, падалося.
Набліжаюся да Веранікі. І раптам зноў:
– Чаххх… чаххх…
На сцяне нешта рухаецца! Ды гэта цень ад клёна. Вецер падзьмуў, дрэва і зашапацела. Схапіў панду і да свайго ложка бягу. Бачу, з кута насоўваецца на мяне нехта страшны, рагаты! Кідаю цацку і пад коўдру хаваюся. Асцярожна вызірнуў: перада мной драўляны козлік на колцах – дзеці на ім катаюцца. Адпіхнуў да сцяны. А там – сапраўдны тэатр ценяў. Галіны ад клёна заварушыліся, паказваюць зайчыкаў, птушачак, цмокаў, чарцей. Усе, як жывыя! Да сябе клічуць: «Васіль, пагуляй з намі!». Выставіў я рукі, змяю на сцяне паказаў. І раптам… ажыла яна! У клубок скруцілася і пачварай, падобнай да вялікага васьмінога, стала. Папаўзлі да мяне шчупальцы. «Няўжо мне гэта сніцца?» – захацеў ушчыкнуць сябе, а паварушыцца не магу. Мову заняло.
– Чаххх… чаххх… Гэта не сон! – зашамацелі цені і, хоп! Моцна трымаюць мяне шчупальцы.
– Мы – Чах-чахі! Былі дзеткамі-неслухамі… Хадзілі, як ты, у садок… Дражніліся, цвяліліся, біліся… А цяпер сталі ценямі…
Цягнуць мяне: «Будзеш Чах-чахам!.. Будзеш Чах-чахам!..»
Увесь садок спіць, не чуе, якая бяда! Ратунку няма, яшчэ імгненне і…
– Рррры-ррра-ррру-рррэ! – прагучаў раптам пагрозлівы рык. Супыніліся Чах-чахі.
– Рррры-ррра-ррру-рррэ! – яшчэ грамчэй нехта зарыкаў.
Хто б гэта мог быць? Я азірнуўся. Ды гэта ж кінутая на падлозе панда. Я, мабыць, яе выпадкова зачапіў.
– Боня! – падхапілася Вераніка.
Прачнуліся дзеці. Глядзяць з жахам на Чах-чахаў.
– Адпусціце Васіля! – крычыць дзяўчынка. Не слухаюцца цені, пагрозліва выгінаюцца…
– Ён нашшш… Ён такі жжж, як і мы…
– Не! Ён добры! Я яго вельмі люблю!
Узмахнула Вераніка чароўнай палачкай. Панда пад самую столь вырасла, вырвала мяне з абдымкаў Чах-Чахаў. Вераніка чаруе:
– Грлянд-гра! Грлянд-грэ! Грлянд-гро! – на якога Чах-чаха махне палачкай, той у сонечнага зайчыка ператвараецца. Хутка па ўсім пакоі зайчыкі вясёлыя пачалі скакаць. Смяюцца дзеці, ловяць іх.
– Васіль! Паглядзі, як прыгожа! – штурхае мяне Вераніка, а панда сонечнымі зайчыкамі жангліруе.
З таго часу я нікога ніколі не крыўдзіў, а з Веранікай мы сталі лепшымі сябрамі.
– Тата, а што, калі Чах-чахі прыйдуць да мяне?
– А ты паўтарай чароўныя словы: Грлянд-гра! Грлянд-грэ! Грлянд-гро…
– Прыдумаў! Каб Чах-чахі мяне не забралі, я заўтра ж стану лепшым сябрам Кацярынкі і падару ёй прыгожы паветраны шарык!
– Дамовіліся! А цяпер дабранач!
– Дабранач, тата…
– Чах… чаххх…
***
Запомні:
Каб Чах-чахі да цябе ніколі не чапляліся:
а) Паўтарай перад сном выразна і хутка чароўныя словы Веранікі.
б) Вывучы напамяць чарадзейны вершык:
Чах-чах нагнаў вялікі жах.
Я палачкай чароўнай: шах!
І знік Чах-чах, загінуў страх,
Не будзе мучыць нас у снах.
в) У любы сонечны дзень бяры разам з сябрамі невялікія люстэркі і накіроўвай на сценку, паварушы – атрымаюцца сонечныя зайчыкі.
Дарослыя паказваюць рукамі на сцяне Чах-Чахаў, якія хочуць на каго-небудзь напасці (напрыклад, на ката, які спіць), як толькі з’яўляецца непераможны супер атрад сонечных зайчыкаў (дзеці), Чах-чахі знікаюць.
Міканор ХОМАЧКА