Перамога
Гаманкі хлопчык Рыгорка. То расказвае нешта, то выпытвае, а ўсё не маўчыць. Успомніў, як аднойчы сваволіў у ваннай.
– Ага, мамка, мыла няможна есці, бо памлэш. Паставяць помнік і напішуць: “Ён еў мыла”. Плаўда, мама?
– Праўда, праўда, сынок, – гаворыць маці. А Рыгорка ўжо бяжыць да таты, прызнаецца яму:
– Я, татачка, як выласту – буду свалыцца на ўсіх.
– Чаму?
– А ты ж на мяне свалышся, як я спаць не хачу.
Бацька смяецца, а потым ужо ўсур’ёз гаворыць:
– Лепш бы навучыўся літару “р” вымаўляць. Хутка ў школу, а ты?.. Скажы “варона”.
– Валона.
– Скажы “сарока-белабока”.
– Салока-белабока.
Рыгорка злуецца: не атрымліваецца ў яго літара “р”.
А бацька ўсё вучыць:
– Скажы, сынок, “ка-р-р-р”. Гэта ж так проста: ка-р-р, ка-р-р.
Рыгорка маўчыць. Потым ускідвае галаву і глядзіць у вочы бацьку.
– Тата, ты што, вар-рона?
Тата на момант страшна разгубіўся. Потым зарагатаў. Падхапіў Рыгорку і пачаў падкідваць угору: “Малайчына! Малайчына!”
Рыгорка таксама павесялеў. Бачылі, перамог літару “р”. Падскокваючы на татавых руках, ён крычаў на ўсю кватэру:
– Ур-ра!.. Вар-ро-на!..
Уладзімір ЛІПСКІ